Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від артылерыі, узброенай гарматамі і ўстаноўкамі на самаходнай цязе. Да С.а. адносяцца пушкі, гаўбіцы, мінамёты, пускавыя ўстаноўкі рэактыўнай артылерыі, процітанкавыя кіроўныя ракеты (гл.Процітанкавы ракетны комплекс), безадкатныя і зенітныя гарматы (гл.Зенітны артылерыйскі комплекс). Паводле канструкцыі адрозніваюць: самаходныя гарматы гусенічныя, колавыя, колава-гусенічныя; браніраваныя поўнасцю або часткова; вежавыя або бязвежавыя. С.а. выконвае тыя ж задачы, што наземная і зенітная артылерыя на буксірнай цязе. Іл.гл. да арт.Артылерыя, Самаходная артылерыйская ўстаноўка, Мінамёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКАЯ ЎСТАНО́УКА (САУ),
самаходная ўстаноўка (СУ), артылерыйская гармата на самаходным танкавым шасі або спец. базе, прызначаная для непасрэднага суправаджэння танкавых і мотастралковых падраздзяленняў у баі. Выконвала задачы артыл. падтрымкі рухомых злучэнняў у барацьбе з танкамі, бронемашынамі, агнявымі сродкамі і інш. САУ з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны (СССР, Германія, ЗША і інш.). Мелі гармату калібру 76—203 мм. Падзяляліся па масе на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т) і цяжкія (больш за 40 т); паводле тыпу гармат — на пушкі, гаўбіцы, гаўбіцы-пушкі; па бранявой ахове — на закрытага, паўзакрытага і адкрытага тыпу. З 1960-х г. у сувязі з развіццём самаходнай артылерыі САУ (акрамя процітанкавых і зенітных установак) не выпускаюцца.
Да арт.Самаходная артылерыйская ўстаноўка: 1 — савецкая ІСУ-122 (закрытага тыпу); 2 — нямецкая 88-мм «фердынанд» (закрытага тыпу).