КУЛІ́БІН (Іван Пятровіч) (21.4.1735, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 11.8.1818),

расійскі механік-самавучка і вынаходнік. У 1764—67 сканструяваў гадзіннік у форме яйца са складаным механізмам аўтам. дзеяння. У 1769—1801 кіраваў мех. майстэрнямі Пецярб. АН. Стварыў «люстраны ліхтар» (прататып пражэктара), «планетны» кішэнны гадзіннік, цялежку-самакат, «мех. ногі» (пратэзы), ліфт, аптычны тэлеграф і код для перадачы паведамленняў і інш. Распрацаваў спосабы шліфавання шкла для мікраскопаў, тэлескопаў і да т.п. прылад. У 1776 пабудаваў мадэль аднаарачнага моста з фермамі цераз р. Нява, у 1804 у г. Ніжні Ноўгарад — «вадаходнае судна», якое магло рухацца супраць цячэння.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.

І.У.Саламевіч.

В.А.Жуковіч.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЫ́ЛА (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),

бел. паэт, драматург. Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—87;

Выбранае. Т. 1—2. Мн., 1978;

Крыло неспакою: Пошук, роздум, палеміка, успаміны. Мн., 1985.

Л.М.Гарэлік.

А.Бачыла.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)