Самадзяржаўе 9/340

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САМАДЗЯРЖА́ЎЕ,

манархічная форма праўлення ў Расіі, пры якой цару (з 1721 імператару) належалі вярх. правы ў заканадаўстве, кіраванні краінай, камандаванні арміяй і флотам. З сярэдзіны 16 ст. ў Расіі складвалася саслоўна-прадстаўнічая манархія: цар правіў разам з Баярскай думай, для вырашэння найважнейшых пытанняў склікаліся Земскія саборы. З канца 17 ст. адбываўся пераход да абсалютнай манархіі (гл. Абсалютызм), якая зацвердзілася ў час праўлення Пятра I [1682—1725, аднаасобна правіў з 1696], Пазіцыі С. аслаблены рэвалюцыяй 1905—07, у ходзе якой была створана заканад. Дзяржаўная дума. У ходзе Лютаўскай рэвалюцыі 1917, пасля адрачэння ад прастола Мікалая II і яго брата Міхаіла Аляксандравіча, С. спыніла існаванне.

т. 14, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),

сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮТЫ́ЗМ, абсалютная манархія,

форма дзярж. кіравання, калі дзярж. ўлада неабмежавана належыць адной асобе. Пры абсалютызме, які прыйшоў на змену саслоўнай манархіі, дасягаецца найвыш. ступень цэнтралізацыі з разгалінаваным бюракратычным апаратам, пастаяннай арміяй і паліцыяй. Абсалютызм дасягнуў росквіту ў краінах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. У Расіі існаваў у 18—пал. 20 ст. (гл. Самадзяржаўе). Абсалютызм тармазіў далейшае развіццё капіталіст. адносін. Ліквідаваны ў большасці краін бурж. рэвалюцыямі, у Расіі — Лют. рэвалюцыяй 1917.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.​Гурло (псеўд. Л.​Эхо), Х.​Чарнышэвіч (псеўд. Н.​Буржэнін), Дз.​Чарнушэвіч (псеўд. Ф.​Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.​М.​Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З ПРАЦВІТА́ННЯ,

«Саюз дабрабыту», тайная арганізацыя дзекабрыстаў у 1818—21. Засн. на базе «Саюза выратавання». Уваходзілі А.М. і М.М. Мураўёвы, С.І. і М.І. Мураўёвы-Апосталы, П.​І.​Песцель, І.​Дз.​Якушкін, М.​С.​Лунін і інш. Заканадаўчая ўлада ў «С.п.» належала Карэннай управе (30 заснавальнікаў), выканаўчая — Думе (6 чал.), мясц. ўправы існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Тульчыне, Кішынёве і інш. Мэта «С.п.» — ліквідаваць самадзяржаўе, прыгонніцтва, увесці канстытуц. праўленне. Чл. саюза праз друк і літ.-асветныя т-вы ўздзейнічалі на грамадскую думку. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва, неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да яго роспуску. Найб. актыўныя члены арганізавалі «Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў» і «Паўночнае таварыства дзекабрыстаў».

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАГУ́ЛЬНАЯ СТА́ЧКА НА ПО́ЎДНІ РАСІ́І 1903,

масавая стачка ў ліп.—жніўні 1903, у якой удзельнічалі каля 200 тыс. рабочых Закаўказзя і Украіны; першая стачка рас. рабочых, якая выйшла за мясц. рамкі і ахапіла буйны эканам. рэгіён. Адбывалася ва ўмовах эканам. крызісу, які значна пагоршыў становішча рабочых. Пачалася 14.7.1903 з забастоўкі рабочых Баку, адбывалася пад кіраўніцтвам к-таў РСДРП. Рабочыя патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня, павышэння зарплаты і інш. Стачкі спалучаліся з мітынгамі і дэманстрацыямі, на якіх разам з эканам. патрабаваннямі абвяшчаліся паліт. лозунгі: «Далоў самадзяржаўе!», «Хай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Масавыя забастоўкі рабочых адбыліся ў многіх інш. рэгіёнах Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі. Рабочыя выступленні 1903, якія ў значнай ступені насілі паліт. характар, сталі пралогам да рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.

т. 16, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН Міхаіл Пятровіч (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),

расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛБАНДЗЯ́Н Мікаэл Лазаравіч (14.11.1829, г. Растоў-на-Доне, Расія — 12.4.1866),

армянскі пісьменнік, філосаф, рэв. дзеяч; пачынальнік арм. рэаліст. крытыкі і эстэтыкі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). У 1859—62 у краінах Зах. Еўропы і Азіі. У 1892 зблізіўся з пецярбургскім цэнтрам тайнага т-ва «Зямля і воля». Неўзабаве зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, з 1865 у ссылцы (г. Камышын). Філас., літ.-эстэт. погляды Н. сфарміраваліся пад уплывам рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі. Выступаў за сац. і нац. вызваленне арм. народа, асуджаў прыгонніцтва, самадзяржаўе. Дэбютаваў у 1851 вершамі, прасякнутымі ідэямі свабодалюбства, абвостранага пачуцця грамадскага абавязку. Яго верш «Свабода» (1859) спяваўся як гімн рэв. моладзі Арменіі. Аўтар раманаў «Аднаму — слова, другому — нявесту» (1858), «Благанне мёртвых» (1859, незакончаны), сатыр. «Дзённіка» (1858—60), антырэліг. паэмы «Прыгоды праайца» (1864, апубл. 1903), літ.-крытычных прац, «Уводзін» да «Граматыкі новай армянскай мовы» (1863, апубл. 1900), публіцыстычных твораў (памфлета «Два радкі», 1861), сацыялаг. трактата «Земляробства як верны шлях» (1862) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные философские и общественно-политические произведения. М., 1954;

Стихотворения. М., 1967.

Літ.:

Даронян С.К. Микаэл Налбандян: Пробл. творчества и лит. связей. Ереван, 1975.

Э.​Джрбашан.

М.Л.Налбандзян.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,

плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.​Страхаў, К.​Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас. рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.​Чарнышэўскі, Дз.​Пісараў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, К.​Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)