САМАДЗЯРЖА́ЎЕ,

манархічная форма праўлення ў Расіі, пры якой цару (з 1721 імператару) належалі вярх. правы ў заканадаўстве, кіраванні краінай, камандаванні арміяй і флотам. З сярэдзіны 16 ст. ў Расіі складвалася саслоўна-прадстаўнічая манархія: цар правіў разам з Баярскай думай, для вырашэння найважнейшых пытанняў склікаліся Земскія саборы. З канца 17 ст. адбываўся пераход да абсалютнай манархіі (гл. Абсалютызм), якая зацвердзілася ў час праўлення Пятра I [1682—1725, аднаасобна правіў з 1696], Пазіцыі С. аслаблены рэвалюцыяй 1905—07, у ходзе якой была створана заканад. Дзяржаўная дума. У ходзе Лютаўскай рэвалюцыі 1917, пасля адрачэння ад прастола Мікалая II і яго брата Міхаіла Аляксандравіча, С. спыніла існаванне.

т. 14, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)