КУЛІ́БІН Іван Пятровіч

(21.4.1735, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 11.8.1818),

расійскі механік-самавучка і вынаходнік. У 1764—67 сканструяваў гадзіннік у форме яйца са складаным механізмам аўтам. дзеяння. У 1769—1801 кіраваў мех. майстэрнямі Пецярб. АН. Стварыў «люстраны ліхтар» (прататып пражэктара), «планетны» кішэнны гадзіннік, цялежку-самакат, «мех. ногі» (пратэзы), ліфт, аптычны тэлеграф і код для перадачы паведамленняў і інш. Распрацаваў спосабы шліфавання шкла для мікраскопаў, тэлескопаў і да т.п. прылад. У 1776 пабудаваў мадэль аднаарачнага моста з фермамі цераз р. Нява, у 1804 у г. Ніжні Ноўгарад — «вадаходнае судна», якое магло рухацца супраць цячэння.

т. 9, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЭ́ (Doré) Густаў Вінсент Шарль

(6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),

французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).

Літ.:

Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.

Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЛАМІ́НК (Vlaminck) Марыс дэ

(4.4.1876, Парыж — 11.10.1958),

французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).

Літ.:

Selz J. Vlaminck. Paris, 1975.

В.Я.Буйвал.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)