РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ІЗАТО́ПЫ,

няўстойлівыя ізатопы, якія самаадвольна ператвараюцца ў інш. нукліды. Адрозніваюць прыродныя і штучныя, атрыманыя ў выніку розных ядзерных рэакцый.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРАПІ́ЗМ [ад аўта... + трапізмы(ы)],

здольнасць раслін самаадвольна выраўноўваць восевыя органы ад залішняга выгіну, выкліканага якім-н. вонкавым уздзеяннем. Напрыклад, выраўноўванне сцяблоў злакаў, якія палеглі ад дажджу, ветру, або галін раслін ад снегу.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАЦІНФО́СФАРНАЯ КІСЛАТА́, крэацінфасфат, фосфакрэацін,

прадукт фосфарыліравання крэаціну, злучэнне, багатае энергіяй. Утрымліваецца ў шкілетных мышцах пазваночных. Абарачальная рэакцыя распаду К.к. — адна з крыніц энергіі для мышачнага скарачэння. У тканках самаадвольна разбураецца і ператвараецца ў неарган. фасфат і крэацінін, які выводзіцца з мачой.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАЛІНІ́Т,

запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.

І.​У.​Дуда.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААЛЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. coalesco зрастаюся, злучаюся),

зліццё кропель вадкасці ці бурбалачак газу пры іх сутыкненні ў рухомым асяроддзі (вадкасць, газ). Ідзе самаадвольна пры пастаяннай т-ры з памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы і ступені дысперснасці эмульсій і пен, што прыводзіць да іх распластавання на 2 фазы: вадкасць 1 — вадкасць 2 ці вадкасць — газ. К. — прычына выпадзення атм. ападкаў (дажджу, расы) з воблакаў і туману. Адбываецца пры абязводжванні нафты, нанясенні лакафарбавых пакрыццяў аэразольным метадам, пенатушэнні.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЭМА́ТЫ,

сумесі энатыямераў, якія не праяўляюць аптычнай актыўнасці. Існуюць у выглядзе рацэмічных сумесей крышт. энантыямераў (кангламерат — простая сумесь аптычных антыподаў, узятых у эквімалекулярнай колькасці) ці рацэмічных змешаных крышталёў, утвораных абодвума энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), і малекулярных злучэнняў (сапр. Р.), утварэнне якіх абумоўлена вадароднымі сувязямі, індукцыйным і дысперсійным узаемадзеяннямі. Атрымліваюць Р. пры хім. (неасім.) сінтэзе, а таксама пры рацэмізацыі — абарачальным узаемным ператварэнні энантыямераў, якое адбываецца звычайна не самаадвольна, а, напр., пад уздзеяннем кіслот, шчолачаў, пры павышэнні т-ры. Вылучэнне энантыямераў з іх рацэмічнай сумесі наз. расшчапленнем Р. (працэс адваротны рацэмізацыі).

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТАМІ́Я (ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне), самакалечанне,

здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,

стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз. рэлаксацыяй.

Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ ў медыцыне,

хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюць у сваіх малекулах радыеактыўныя нукліды. Уласцівасці Р.п. вызначаюцца ўтрыманнем у іх радыенуклідаў, здольнасцю самаадвольна распадацца з выпусканнем іанізавальнага выпрамянення. Радыенукліды выпраменьваюць у вызначаным спектры, абумоўліваюць мінім. прамянёвую нагрузку, адлюстроўваюць стан органа, што даследуецца. Р.п. выбіраюць з улікам іх фармакадынамічных і ядзерна-фіз. уласцівасцей. Фармакадынаміку прэпарата вызначае хім. злучэнне, на аснове якога ён сінтэзаваны. Магчымасці рэгістрацыі радыеактыўнасці рэчыва залежаць ад тыпу распаду радыенукліда. У мед. радыялогіі і анкалогіі Р.п. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў, найб. часта — Р.п. тэхнецый ​99mTc-альбумін, ​99mTc-мечаныя эрытрацыты, ​99mTc-калоід (тэхніфіт), ксенон ​133Xe, самарый, ​18Sm-самарын-оксабіфор і інш.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЭ́ННЕ МЕТА́ЛАЎ,

змена структуры і ўласцівасцей металаў (асабліва сплаваў), якое адбываецца самаадвольна ў звычайных умовах (натуральнае старэнне) або пры награванні (штучнае). Асн. працэс пры С.м. — распад перанасычанага цвёрдага раствору, які атрымліваецца, як правіла, пры загартоўцы сплаву.

С.м. суправаджаецца звычайна павышэннем трываласці, цвёрдасці, каэрцытыўнай сілы, электраправоднасці металу (сплаву), а таксама зніжэннем яго пластычнасці і ўдарнай вязкасці. Адмоўны ўплыў С.м. прадухіляюць больш дасканалай тэхналогіяй выплаўкі металу (сплаву), яго легіраваннем, спец. тэрмічнай апрацоўкай. Штучнае С.м. (дасягаецца пластычным дэфармаваннем, радыеактыўным абпрамяненнем, лазернай і ультрагукавой апрацоўкай і інш.) ужываюць для павышэння трываласці сталей, алюмініевых, медных, тытанавых і інш. сплаваў, паляпшэння характарыстык магнітна-цвёрдых матэрыялаў. Працэсы С.м. вывучае металазнаўства.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 15, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)