Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯТРО́ПНЫЯ РАДЫ́,
рады іонаў, размешчаных у парадку ўзмацнення або аслаблення іх уплыву на ўласцівасці растваральніку, а таксама на скорасць і глыбіню хім. рэакцый і фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў ім.
Уплыў іонаў растворанага рэчыва на растваральнік наз.ліятропным дзеяннем іонаў. Вядомы Л.р. іонаў, састаўленыя, напр., па іх здольнасці адсарбіравацца з водных раствораў на адсарбентах, па ўплыве на растваральнасць і набуханне палімераў. Паслядоўнасць іонаў у Л.р. вызначаецца зарадам і памерам іонаў, іх здольнасцю звязваць малекулы растваральніку (гл.Сальватацыя) і мяняцца пры змене саставу растваральніку, канцэнтрацыі вадародных іонаў, т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́НЫ (ад грэч. iōn які ідзе),
электрычна зараджаныя часціцы, якія ўтвараюцца ў выніку страты ці набыцця электронаў атамамі або групамі хімічна звязаных атамаў. Зарад І. кратны элементарнаму эл. зараду. Дадатныя І. наз.катыёнамі (напр., катыёны алюмінію Al3+, амонію NH44+), адмоўныя — аніёнамі (напр., аніёны хлору Cl−, сернай к-ты SO42-). Тэрмін «І.» прапанаваны М.Фарадэем (1834).
У свабодным стане існуюць у газавай фазе (у плазме). У кандэнсаваных фазах звязаны (узаемадзейнічаюць) з часціцамі, што іх акружаюць (І. процілеглага знака ў крышталях і расплавах, з нейтральнымі малекуламі — у растворах; гл.Гідратацыя, Сальватацыя). Асн. структурныя характарыстыкі І. у кандэнсаванай фазе — іонны радыус і каардынацыйны лік. У эл. полі І. пераносяць электрычнасць: катыёны — да адмоўнага электрода (катода), аніёны — да дадатнага (анода); адначасова адбываецца перанос рэчыва, што адыгрывае значную ролю ў электролізе, пры іонным абмене. Удзельнічаюць у хім. рэакцыях (як каталізатары, прамежкавыя часціцы), геахім. працэсах, працэсах абмену рэчываў у жывым арганізме (функцыянаванне біял. мембран, праводнасць нерв. імпульсаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТВО́РЫ,
гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл.Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл.Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.
У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз.растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл.Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл.Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.
Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.
Літ.:
Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;
Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;
Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ.М., 1990.