ДАБРЫГО́РСКІ ПАРК, сад «Саломінка»,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.​М.​Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.​Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.

Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬЕ́ГАС ((Gallegos) Ромула) (2.8.1884, Каракас — 5.4.1969),

венесуэльскі пісьменнік, дзярж. і паліт. дзеяч. У 1936 міністр нар. асветы Венесуэлы. З 1941 адзін з лідэраў партыі Дэмакр. дзеянне. У 1947—48 прэзідэнт Венесуэлы. У 1931—36 і 1948—58 у эміграцыі. У рэалістычных раманах «Рэйнальда Салар» (1920), «Павітуха» (1925), «Донна Барбара» (1929), «Кантаклара» (1934), «Канайма» (1935), «Бедны негр» (1937), «Іншаземец» (1942), «На той жа зямлі» (1943), шэрагу апавяданняў спроба асэнсаваць мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню Венесуэлы і яе народа. Аўтар раманаў «Саломінка на ветры» (1952), «Зямля пад нагамі» (1971). У аснове яго творчасці — цэласная вобразна-філас. сістэма, заснаваная на антытэзе «варварства — цывілізацыя», адлюстраванні сувязі з’яў прыроды і грамадства, імкненні ў вобразах прыроды ўбачыць сутнасць жыцця людзей і сац. падзей. Шлях да перабудовы грамадства паводле Гальегаса ляжыць праз эканам. рэформы і маральнае самаўдасканаленне чалавека (уплыў ідэй Л.​Талстога). Проза Гальегаса насычана кантрастамі, яркімі сімвалічнымі вобразамі і фалькл. матывамі.

Тв.:

Рус. пер. — Канайма. М., 1959;

Бедный негр. М., 1964;

Кантакларо. М., 1966.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКІ РАЁН,

у цэнтры Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 24,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал/км². Цэнтр раёна — г.п. Бешанковічы; г.п. Ула, 235 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Драздоўскі, Пліскі, Рубежскі, Свячанскі, Сокараўскі, Соржыцкі.

Паўночная ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, паўднёвая — у межах Чашніцкай раўніны. Больш за 90% паверхні ляжыць на выш. да 150 м, найвыш. пункт 179,8 м (каля в. Пліса). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. матэрыялы. Сярэдняя т-ра студз. -7,5, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 185 дзён. Рэкі — Зах. Дзвіна і яе прытокі Ула са Свячанкай, Крывінка з Бярозкай. У межах раёна 55 азёраў. Самыя вял. з іх Саро, Бораўна, Белае возера, Астровенскае возера, Слабадское возера. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 20% тэр., пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 61,6 тыс. га, з іх асушана 24,5 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 15 калгасаў і 5 саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы лёгкай (ільнозавод, ф-кі маст. і рымарскіх вырабаў) і харч. (малочны з-д, хлебакамбінат, кансервава-гароднінасушыльны завод) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Лепель—Віцебск, Шуміліна—Сянно. У раёне 14 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пач. школы, дапаможная школа-інтэрнат, школа мастацтваў, муз. і спарт. школы, ПТВ, 9 дзіцячых устаноў. 23 клубныя ўстановы, 34 б-кі, 4 бальніцы, 11 фельч.-ак. пунктаў. Зоны адпачынку па р. Ула і часткова на ПнУ — Астроўна—Лётцы. Гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі прыроды і архітэктуры: парк у в. Бачэйкава, парк «Саломінка» і Мікалаеўская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Дабрыгоры, царква Казанскай Маці Божай пач. 20 ст. ў в. Дарагакупава, сядзіба «Нізгалава» 2-й пал. 19 ст. ў в. Двор Нізгалава, Мікалаеўская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Слабодка. Выдаецца газ. «Зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Бешанковіцкага р-на. Мн., 1991.

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)