ПАНЦЮ́К-ЖУКО́ЎСКІ (Аляксей Андрэевіч) (н. 15.8.1953, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979), з 1981 выкладаў у ім, з 1982 — у Бел. каледжы мастацтваў у Мінску. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу ў рэаліст. манеры. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, псіхалагізм: «Бабіна лета. Бульба» (1979), «Ля матчынага парога» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1981), «Вясна Перамогі. Салдатка» (1984), «Мелодыя стагоддзяў» (1986), «Мір табе, зямля мая» (1987), «Ля студні» (1991), «Пажоўклыя лісты» (1995), «Лёс» (1996), трыпціхі «Раніца «залатога» дажджу» (1996), «Бязвінна загінуўшым воінам» (1998), «Укрыжаваная Югаславія» (1999), «Здрадніцтва» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),
бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб.газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.