САЛАМА́НКА (Salamanca),

горад у цэнтр. ч. Іспаніі, у аўт. вобласці Кастылія-Леон, на р. Тормес. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 160 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая. 2 ун-ты.

З 5 ст. да н.э. згадваецца як умацаванае паселішча племя ветонаў. У 3 ст. да н.э. заваявана карфагенянамі, у 2 ст. да н.э. — рымлянамі. У 8—11 ст. н.э. (з перапынкамі) пад уладай арабаў. У час Рэканкісты горад амаль апусцеў, зноў заселены ў 1102. У 1218 засн. Саламанкскі універсітэт, у 1254 бібліятэка. У 1520 С. — цэнтр паўстання камунерас. У 16—17 ст. цэнтр сукнаробства і кнігадрукавання.

22.7.1812 войскі А.​Уэлінгтана і ісп. партызаны разбілі каля С. франц. войска. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 у С. (з 1936) знаходзілася рэзідэнцыя Ф.​Франкл Баамондэ.

Горад-ансамбль С. вызначаецца адносна рэгулярнай планіроўкай вуліц, аднародным буд. матэрыялам (залацісты пясчанік), стылістычным падабенствам будынкаў (пераважна стылі платэрэска і чурыгерэска). Шматлікія арх. помнікі надаюць гораду выгляд музея: рым. мост з 15 арак, раманскія сабор (1140—60) і касцёл Томаса Кентэрберыйскага (перабудаваны ў 15 ст), кафедральны сабор з рысамі готыкі і барока (1513—1733, арх. Р.​Хіль дэ Антаньён і інш.), кляштар дамініканцаў і касцёл Сан Эстэбан (1524—1610), езуіцкая семінарыя (1617—1755), касцёл кляштара аўгусцінцаў (1636—87, размалёўкі Хасэ дэ Рыбейры) і інш. У стылі платэрэска — комплекс універсітэцкіх будынкаў (канец 15—16 ст.). На цэнтр гар плошчы Пласа Маёр (1729—55, арх. А. дэ Чурыгера і інш.) ансамбль будынкаў у стылі ісп. барока (чурыгерэска). Старая ч. С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Саламанка. Кафедральны сабор.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЫ́ЛІЯ-ЛЕО́Н (Castilla-Leon),

аўтаномная вобласць у цэнтр. ч. Іспаніі. Пл. 94,2 тыс. км². Нас. 2,5 млн. чал. (1991). Уключае правінцыі: Авіла, Бургас, Леон, Паленсія, Саламанка, Сеговія, Сорыя, Вальядалід, Самора. Адм. ц. — г. Вальядалід. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Саламанка, Бургас, Леон. Займае паўн.-зах. ч. пласкагор’я Месета (выш. 800—1200 м). На ўскраінах Іберыйскія, Кантабрыйскія і Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. р. — Дуэра. Пераважае расліннасць сухіх стэпаў. У гарах участкі лясоў з хвоі, дубу, каштану, хмызнякі, лугі. Найб. развіта арашальнае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, агародніну, тытунь. Садоўніцтва, вінаградарства, вырошчванне аліваў. Малочнамясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Здабыча каменнага вугалю, жал. і цынкавых руд. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), гарбарна-абутковая, металургічная, маш.-буд., металаапр., тэкст., хімічная. У г. Вальядаліду — выплаўка алюмінію і аўтамаб. з-д, вытв-сць угнаенняў. ГЭС на горных рэках. Каля г. Бургас АЭС. Турызм.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМА́НКСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых ун-таў Іспаніі і Еўропы. Засн. ў 1218 у г. Саламанка. У эпоху Адраджэння адзін з найб. навук. і культ. цэнтраў Еўропы. У ім зроблены першыя пераклады твораў Ібн Сіны, Ібн Рушда і інш. вучоных; яго прафесараў запрашалі выкладаць у іншыя еўрап. ун-ты. Дзярж. ўстанова. Навучанне вядзецца на ісп. мове. У 1995/96 навуч. г. каля 31 тыс. студэнтаў; ф-ты: філал.; філас.; геаграфіі і гісторыі; права; прыгожых мастацтваў; прамысл. тэхнікі; навук; хім.; біял.; мед.; фармакалогіі; эканомікі і бізнесу; сац. навук; перакладаў і дакументацыі; псіхалогіі; педагогікі і адукацыі. У складзе ун-та школы (падрыхтоўкі настаўнікаў, адукацыі, політэхн., тапаграфіі і інш.), ін-ты (педагогікі і адукацыі, універсітэцкая бальніца), выдавецкі дом, Цэнтр. б-ка (140 тыс. тамоў), б-кі ф-таў (больш за 365 тыс. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́С ((Cortes) Эрнан) (Эрнанда; 1485, Медэльін, Іспанія — 2.12.1547),

іспанскі канкістадор. Маркіз (з 1528—30). Вывучаў права ва ун-це г. Саламанка. З 1504 у Вест-Індыі, удзельнік заваявання Кубы (з 1511), прызначаны апошнім кіраўніком экспедыцыі (11 караблёў, каля 600 чал.) у Мексіку. У ходзе экспедыцыі (1519—21) заснаваў г. Веракрус, разбіў гал. сілы індзейцаў ацтэкаў, узяў у палон іх правадыра Мантэсуму II (гл. Мантэсума), дамогся ўстанаўлення ісп. панавання ў цэнтр. ч. Мексікі. У 1522—28 губернатар і капітан-ген. Новай Іспаніі (Мексікі), з 1529 капітан-генерал. У 1524—26 дасягнуў тэр. Гандураса, у 1532—33 адкрыў п-аў Каліфорнія. У 1528—30 і з 1540 на радзіме, удзельнік няўдалай антыпірацкай экспедыцыі ісп. караля Карла V у Алжыр (1541). Яго лісты-рэляцыі 1520—26 да ісп. караля — каштоўны літ. помнік часоў адкрыцця і заваявання Амерыкі.

Літ.:

Гуляев В.И. По следам конкистадоров. М., 1976.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НСЫ (Alfonso),

правіцелі ў іспанскіх сярэдневяковых каралеўствах.

Альфонс I Ваяўнік (1084 ? — 8.9.1134), кароль Арагона і Навары [1104—34]. Адваяваў у маўраў Сарагосу і зрабіў яе сталіцай (1118).

Альфонс II Нявінны (1132, г. Барселона — 25.4.1196), кароль Арагона [1162—96]. Змагаўся з маўрамі, адваяваў Праванс, у 1179 атрымаў у спадчыну Русільён.

Альфонс III Вялікі (838 — 20.12.912), кароль Астурыі [866—910]. Адваяваў у маўраў шэраг раёнаў на Пн ад р. Таха. У выніку барацьбы з феад. Арыстакратыяй, якую ўзначалілі яго сыны, быў вымушаны адрачыся ад прастола. Яго сын Гарсія заснаваў дынастыю каралёў Леона.

Альфонс V Велікадушны (1396, г. Медына-дэль-Кампа — 27.6.1458), кароль Арагона [1416—58]. У 1442 заваяваў Неапалітанскае каралеўства, у якім (разам з Сіцыліяй) правіў пад імем Альфонса I [1442—58]. Заснаваў першую ў Італіі гуманістычную акадэмію.

Альфонс VI Храбры (1030 — 30.6.1109), кароль Леона [1065—1109] і Кастыліі (з 1072). Пасля перамогі ў братазабойчых войнах за панаванне ў хрысц. Іспаніі ў 1077 абвясціў сябе ісп. імператарам. Адваяваў у маўраў Таледа (1085), Валенсію, Альмерыю. Пасля паражэнняў ад Альмаравідаў каля Салакі (1086) і Уклеса (1108) страціў шэраг адваяваных раней зямель.

Альфонс VII (1104 ці 1105, Галісія — 21.8.1157), кароль Кастыліі і Леона [1126—57]. Унук Альфонса VI. Імкнуўся да аб’яднання дзяржаў хрысц. Іспаніі; устанавіў свой сюзерэнітэт над Арагонам, Наварай, Партугаліяй і шэрагам франц. тэрыторый. У 1135 на картэсах у Леоне абвешчаны імператарам Іспаніі. Паспяхова ўдзельнічаў у Рэканкісце (паходы ў Андалусію, Эстрэмадуру, на Кордава). У 1150-я г. ваяваў з Альмахадамі.

Альфонс VIII (11.11.1155, г. Сорыя — 6.10.1214), кароль Кастыліі [1158—1214]. У 1212 у саюзе з каралямі Навары, Арагона і з дапамогай еўрап. рыцарскага войска дабіўся вырашальнай перамогі над маўрамі пры Лас-Навас-дэ-Талоса (каля г. Хаэн).

Альфонс IX (1171, г. Самора — 24.9.1230), кароль Леона і Астурыі [1188—1230]. У 1188 упершыню склікаў картэсы Леона з удзелам прадстаўнікоў 3-га саслоўя. Адваяваў у маўраў Бадахос (1227), Касерэс і Мерыду (1229).

Альфонс X Мудры (23 ці 26.11.1221, г. Таледа — 4.4.1284), кароль Кастыліі і Леона [1252—84]. Адваяваў у маўраў Херэс (1255), Кадыс (1262) і інш. гарады. Дамагаўся свайго абрання імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яго палітыку цэнтралізацыі не прыняла знаць. У 1282 ён фактычна адхілены ад улады і правіць стаў яго сын Санча. Альфонс X быў паэтам, дбаў пра навукі, у т. л. пра астраномію.

Альфонс XI (27.9.1311, г. Саламанка — 26.3.1350), кароль Кастыліі і Леона [1312—50]. Самастойна правіў з 1325. Атрымаў перамогу над маўрамі пры р. Рыо-Салада (1340). Праводзіў палітыку цэнтралізацыі. У 1348 выдаў статут, які фіксаваў асабістую свабоду сялян.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБО́Р,

1) афіцыйны сход епіскапаў і інш. прадстаўнікоў хрысц. цэркваў, які склікаецца з мэтай распрацоўкі палажэнняў веравучэння, богаслужэння, дысцыплінарных норм і мер барацьбы з ерасямі. Па традыцыі першым С. лічыцца сустрэча апосталаў у Іерусаліме. Бываюць памесныя, на якіх збіраюцца іерархі асобных краін ці рэгіёнаў, і ўсяленскія саборы. У каталіцызме памесны С. наз. сінодам.

2) Гал. храм горада ці манастыра, дзе богаслужэнне праводзіць вышэйшая асоба (патрыярх, архіепіскап і інш), таксама храм, прызначаны для сумеснага богаслужэння духавенствам з некалькіх цэркваў. Саборны храм у епархіяльным горадзе наз. кафедральным. Архітэктура С. звычайна вызначаецца ’манументальнасцю форм, адлюстроўвае асн. тэндэнцыі пануючага арх. стылю. Сярод найб. яскравых узораў саборнай архітэктуры: Канстанцінопальскі Сафійскі сабор (532—537), С. ў гарадах Вормс, Майнц, Трыр, Шпаер (Германія), Саламанка (Іспанія; усе раманскі стыль), Светыцхавелі(Грузія, 1010—29), Ланскі сабор, Кёльнскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, С. ў Мілане (Італія), Кентэрберы (Вялікабрытанія; усе готыка), Рыжскі Домскі сабор (раманагатычны стыль з рысамі барока), Рымскі сабор святога Пятра, С. Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (Італія, абодва рэнесанс), св. Хрыстафора ў Гаване, св. Гала ў г. Санкт-Гален (Швейцарыя), Успенскі ў Смаленску (усе барока), Ісакіеўскі сабор і Казанскі сабор у Пецярбургу, св. Паўла ў Лондане, кафедральны ў Вільнюсе (усе класіцызм) і інш. Вылучаюцца помнікі стараж.-рус. і сярэдневяковага дойлідства — Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, саборы Крамля Маскоўскага, Пакроўскі С., што на Рове ў Маскве (гл. Васіля Блажэннага храм) і інш.

На Беларусі С. вядомы з 11 ст. Найб. значныя з іх: Полацкі Сафійскі сабор (11—17 ст.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Пакроўскі С. у Віцебску (усе класіцызм), Барысаўскі Васкрасенскі сабор (псеўдарус. стыль) і інш. У Мінску кафедральным правасл. С. з’яўляецца Святадухаўскі сабор (у будынку Мінскага касцёла і кляштара бернардзінак). Гал. храмы манастыроў: Успенскі С. Жыровіцкага Успенскага манастыра, Крыжаўзвіжанскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і інш. Зрэдку С. наз. храм, які мае некалькі прыдзелаў (алтароў).

3) У іканаграфіі С. — кампазіцыйна пабудаваная выява некалькіх асоб ці мноства святых, Сіл нябесных, аб’яднаных паводле прынцыпу іх узаемасувязі. Напр., С. апосталаў, С. архангела Міхаіла, С. бел. святых (пасля кананізацыі С. Новапакутнікаў Мінскай епархіі напісаны і асвячоны аднайм. абраз; 1999, іканапісец П.​Жараў), а таксама складаныя іканапісныя сюжэты (напр., С. архангела Міхаіла, С. Маці Божай, С. Іаана Прадцечы).

Літ.:

Соборы мира: Пер с англ М., 1998.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Сабор. П.​Жараў. Сабор Новапакутнікаў Мінскай епархіі.
Успенскі сабор у г. Уладзімір (Расія).
Сабор святога Паўла ў Лондане.
Сабор у г. Бразілія. 1970.
Сабор-крэпасць у г. Трыр (Германія).
Крыжаўзвіжанскі сабор у г. Полацк.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)