Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУР́А,
вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гродна. 1574 ж., 552 двары (1997).
У пач. 16 ст. двор маршалка ВКЛ Я.Я.Давойнавіча, які да 1525 заклаў тут мястэчка. З 2-й пал. 16 ст. ўласнасць Кішкаў, Радзівілаў, Пацаў, Валовічаў, Агінскіх, Салагубаў, Масальскіх і інш. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1897—2681 ж., 314 двароў, царква, касцёл, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, прыходскае вучылішча, фельч. пункт, бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы з-д, 8 корчмаў У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1.5.1940 гар. пасёлак, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на, з 29.12.1949 вёска. У 1971—1549 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры Індурскі Троіцкі касцёл (1825). Царква. На ўскраіне вёскі археал помнік Індура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́Ц,
гарадскі пасёлак у Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Дзяржынскам, Стоўбцамі, Навагрудкам. За 31 км ад Валожына, 60 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Койданава, на лініі Мінск—Баранавічы. 5 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 1522 згадваецца як мястэчка Мінскага пав, ВКЛ, уладанне Салагубаў. У сярэдзіне 16 ст. ў І. пратэстанцкая абшчына, кальвінскі збор, школа, шпіталь. У 1606 пабудаваны касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 моцна разбураны. У 1702 заснаваны касцёл і кляштар францысканцаў. У пач. 18 ст. цэнтр графства. У 1709 згарэлі 210 двароў, касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1869 адкрыта нар. вучылішча. У 1880-я г. ў І. 288 дамоў, 2 школы, 35 крам, 17 ганчарных майстэрань, 2 пастаялыя двары, 2 касцёлы, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У 1888 у час пажару амаль поўнасцю згарэў. У 1897—2445 ж., 399 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1923 цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв., 2226 жыхароў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, да крас. 1962 цэнтр Івянецкага раёна. З 25.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, якія ў І. і раёне загубілі 2789 чал. У чэрв. 1943 партызаны разграмілі ў І. варожы гарнізон. У 1962—65 у Стаўбцоўскім, у крас.—снеж. 1962 і з 1965 у Валожынскім р-нах, з кастр. 1973 цэнтр сельсавета. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.
Фабрыка маст. керамікі. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў (1702—05), Івянецкі Аляксееўскі касцёл (1905—07), сядзіба (пач. 20 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Івянецкая кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎ,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Іслач, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Валожын, 39 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Беларусь. 2106 ж., 765 двароў (2001). З-дбуд. вырабаў, лясніцтва. Сярэдняя школа, філіял муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай «Божая ласка». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік на магіле бел. кампазітара М.Р.Грушвіцкага. Помнікі архітэктуры: Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква, Ракаўскі касцёл дамініканцаў, капліца св. Ганны (2-я пал. 19 ст.). Стараж. цэнтр ганчарнага промыслу (гл.Ракаўская кераміка). Каля вёскі гарадзішча жал. веку. У наваколлі Р. санаторый Нац.АН Беларусі, санаторый-прафілакторый «Іслач», дзіцячы санаторый «Пралеска», 9 дзіцячых устаноў адпачынку і аздараўлення, геал. помнік прыроды Ракаўскі кангламерат.
Вядомы з 15 ст. Уласнасць Кежгайлаў, Завішаў, Сангушкаў, Салагубаў, Агінскіх. Пры Сангушках горад, гандл.цэнтр. У канцы 16 — пач. 17 ст. працавала друкарня. У 1686 заснаваны дамініканскі, у 1702 — базыльян кляштары. У 1701 атрымаў прывілей на 2 кірмашы ў год. З 1793 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав., 1006 ж., 159 двароў, царква, школа, сінагога, з-ды с.-г. прылад, ганчарны, цагельня, піваварня, 2 млыны, 29 крам. У 1897—3641 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. Віленскага ваяв. Са снеж. 1939 у Вілейскай вобл.БССР. У 1940—54 гар. пасёлак, да 1960 у Радашковіцкім р-не Маладзечанскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі Р., загубілі больш за 2 тыс.чал. У 1960—62 і з 1965 у Валожынскім, у 1962—64 у Маладзечанскім р-нах Мінскай вобл.
Літ.:
Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // Куфэрак Віленшчыны. 2000. №2.