Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ГАДА цэнакарпны (утвораны зрошчанымі пладалісцікамі) сакаўны шматнасенны нераскрывальны плод у раслін. Мае тонкі, скурысты пазаплоднік і сакаўныя між- і ўнутрыплоднік. Трапляецца ў розных сямействах (паслёнавыя, лілейныя, вінаградавыя, бруснічныя). Часта Я. няправільна наз. плады суніц, малін, ажыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Е́ЛЬНІК (Monotropa),
род кветкавых раслін сям. вертляніцавых. 1 від — П. звычайны (M. hipopitys). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі — па ўсёй тэрыторыі. Трапляецца ў хваёвых, радзей у яловых лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гнёздападобным, моцна разгалінаваным карэнішчам з мікарызай. Сцёблы выш. да 30 см, сакаўныя, белаватыя або жоўта-карычневыя. Лісце лускападобнае, чаргаванае. Кветкі ў паніклай гронцы, правільныя, белыя ці жаўтаватыя. Плод — каробачка. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙПФРУ́Т (Citrus paradisi),
шматгадовая вечназялёная пладовая расліна роду цытрус, сям. рутавых. Дзікарослы невядомы. Культывуюць у ЗША, Паўн. Афрыцы, у Закаўказзі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях, аранжарэях.
Выш. 2—4 м. Лісце буйное, авальнае, бліскучае, скурыстае. Кветкі вял., белыя, двухполыя, адзіночныя або ў гронках у пазухах лісця. Плады масай 100—600 г, круглыя, з тоўстай аранжава-жоўтай скуркай, пахучыя, сакаўныя, гаркавата-салодкія, маюць танізоўныя ўласцівасці, паляпшаюць страваванне; спажываюць свежымі і перапрацаванымі (сокі, варэнне, кансервы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДБАРО́ДНІК (Epipogium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, трапічнай Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі 1 від. Н. бязлісты (E. aphyllum). Трапляецца адзіночнымі экзэмплярамі ў вільготных хвойных, мяшаных і шыракалістых лясах.
Н. бязлісты — шматгадовая расліна-мікатроф выш. 20 см з каралападобным карэнішчам. Сцёблы крохкія, сакаўныя, жаўтаватыя з чырв. палоскамі. Зялёнае лісце адсутнічае (расліна жывіцца арган. рэчывамі ляснога подсцілу), замест яго 5—8 жаўтаватых лускавінак. Кветкі паніклыя, жаўтавата-белыя, у рэдкай гронцы, духмяныя. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЕ́МНІК (Lathraea),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. 7 відаў. Пашыраны ва ўмеранай вобласці Еўразіі. На Беларусі 1 від — Т. лускаваты (L. squamaria), нар. назвы грымотнік, цар-трава, вясёлка. Трапляецца вясной у лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, паразітуе пераважна на каранях ляшчыны.
Шматгадовыя бесхларафільныя расліны. якія паразітуюць на каранях дрэў і кустоў. Карэнішчы крыжападобна разгалінаваныя. мясістыя, сакаўныя. Сцёблы малінава-ружаватыя, выш. да 25 см, летам адміраюць. Лісце супраціўнае, лускаватае, лілова-ружаватае. Кветкі невял., малінава-чырв., у аднабокім верхавінкавым суквецці. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЁНЫ АГУРО́К (Ecballium elaterium),
кветкавая расліна сям. гарбузовых. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Еўропе, у Цэнтр. і Зах. Азіі. Трапляецца на сухіх камяністых схілах, прыморскіх пясках, каля жылля.
Шматгадовая травяністая расліна. Сцёблы распасцёртыя або ўзыходныя, даўж. да 2 м, без вусікаў. Лісце лопасцевае, шурпатае, знізу шаравата-лямцавае. Кветкі жоўтыя, аднадомныя. Плады сакаўныя, эліптычныя, цвёрдашчаціністыя, даўж. 3—6 см, нагадваюць агурок, спелыя лёгка аддзяляюцца ад кветаножкі і выкідваюць праз адтуліну моцны струмень слізі з насеннем (адсюль назва). Вял. дозы соку пладоў выклікаюць атручэнне. Лек. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ГАДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
група пладовых культур, якія даюць сакаўныя невял. плады (у быце — ягады). На Беларусі найб. пашыраны парэчкі, агрэст, маліны, клубніцы, суніцы, вырошчваюць таксама абляпіху, айву, аронію чарнаплодную, актынідыю, барбарыс, бузіну чорную, бружмель звычайны, лімоннік і інш. З дзікарослых Я.к. найб. значэнне маюць брусніцы, журавіны, чарніцы, буякі, суніцы, ажына, куманіка і інш. Плады Я.к. — каштоўны харч. прадукт. багаты вітамінамі, арган. к-тамі, цукрамі, пекцінамі, эфірнымі алеямі, дубільнымі рэчывамі, мінер. солямі. Селекцыйную работу з Я.К., накіраваную на атрыманне ўраджайных, зіма- і хваробаўстойлівых сартоў, вядуць у Бел.НДІ пладаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЯНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ, травы,
жыццёвая форма раслін. Пашыраны ўсюды. Складаюць травастой лугоў, пашы і сенажацяў. На Беларусі каля 1,4 тыс. дзікарослых Т.р., больш за 5 тыс. відаў, сартоў і форм інтрадукавана.
Экамарфал. адзнака Т.р. сезоннага клімату — адсутнасць прамастойных надземных сцёблаў, што перажываюць неспрыяльны сезон. Сцёблы бываюць мяккія, сакаўныя або маюць некат. характэрныя рысы ўнутр. будовы (слабае адраўненне, рассечаная ці моцна парэнхіматызаваная стэла, адсутнасць перыдэрмы, слабая дзейнасць камбію). Т.р. бываюць аднагадовыя і шматгадовыя, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца на ўзроўні глебы або ў глебе і размешчаны на карэнішчах. каўдэксах, клубнях, цыбулінах, радзей на паўзучых падземных парастках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНІК, кала (Calla),
манатыпны род кветкавых раслін сям. ароннікавых. 1 від — К. балотны (C. palustris). Пашыраны ва ўмераным і субарктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі расце на балотах, у забалочаных чорна-альховых лясах. Нар. назвы: заечы бабоўнік, пеўнікі, гуска, жытніца. Пад назвай кала ў цяпліцах і аранжарэях вырошчваюць некат. віды блізкага роду Zantedeschia з Паўд. Афрыкі.
Шматгадовая травяністая расліна з кароткім узыходным сцяблом выш. да 30 см і паўзучым карэнішчам. Лісце шырокасэрцападобнае, доўгачаранковае, бліскучае. Кветкі без калякветніка, дробныя, двухполыя, у шчыльных катахах, абгорнутых белым пакрывалам. Плады — чырв.сакаўныя ягады, сабраныя ў суплоддзі. Лек., дэкар. і акварыумная расліна. Ядавіты, асабліва ягады і карэнішча.