садызм

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГАЛАГНІ́Я (ад грэч. algos боль + lagneia юр, сладастраснасць),

сексуальнае задавальненне, якое ўзнікае ад прычынення псіхічнага або фіз. болю аднаму з палавых партнёраў. Бывае актыўная, калі боль прычыняецца другому партнёру (садызм, эратычны тыранізм), і пасіўная, якая перажываецца індывідам у сувязі з пакутамі ад дзеянняў палавога партнёра (мазахізм, пакутніцтва, пасівітызм). Характэрна для паталагічных гіперролевых паводзін.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ПАРУШЭ́ННІ,

парушэнні палавога развіцця (адсутнасць палавога развіцця, затрымка або заўчаснае палавое выспяванне), анамаліі развіцця палавых органаў і гермафрадытызм. Пры адсутнасці другасных палавых прыкмет у хлопчыкаў і дзяўчынак 15—17 гадоў стан палавога развіцця ацэньваецца як паталагічны. Бывае заўчаснае палавое выспяванне, калі другасныя палавыя прыкметы з’яўляюцца раней як у 10 гадоў. Анамаліі развіцця вонкавых і ўнутр. палавых органаў выяўляюцца ў раннім дзіцячым узросце, часам спалучаюцца з заганамі развіцця інш. органаў і сістэм (асабліва мочавывадных шляхоў). Лячэнне комплекснае (хірург., гарманальнае, псіхатэрапія). Да П.п. адносяць таксама палавыя расстройствы, функцыян П.п. (анаргазмія, вагінізм, гіперсексуальнасць, імпатэнцыя і інш.) і палавыя ненармальнасці, перверсіі, паталаг. накіраванасць палавой цягі (заафілія, мазахізм, педафілія, садызм і інш). Вывучаюцца сексапаталогіяй.

І.У.Дуда.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛЛЕ,

выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.

Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх. рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.

Я.М.Бабосаў.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)