ЛІРАХВО́СТЫ, птушкі-ліры (Menuridae),

сямейства вераб’інападобных. 1 род, 2 віды. Пашыраны ў лясах Паўд.-Усх. Аўстраліі, завезены на в-аў Тасманія (1934).

Даўж. цела да 90, хваста да 70 см. Афарбоўка цёмна-бурая зверху, шэрая знізу, з рыжаватым горлам. У самцоў у хвасце 16 пёраў, 2 з іх своеасабліва сагнуты і нагадваюць ліру (адсюль назва). Крылы акругленыя. Ногі доўгія, моцныя. Палігамы. Гнёзды на зямлі ў бураломе, радзей на дрэвах. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Самцы спяваюць, здольныя імітаваць розныя гукі.

Лірахвост.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІЛО́З (ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),

поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕЛЬ,

заечая канюшына, заечы хмель (Coronilla), род кветкавых раслін сям. бабовых. 55 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных рэгіёнах Еўропы, Азіі, Афрыкі, але пераважна ў краінах Міжземнамор’я і трапічнай Афрыкі. На Беларусі (пераважна ў паўд. раёнах) трапляецца вязель стракаты (Coronilla varia). Расце на сухіх лугах, узлесках, каля дарог.

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі галінастымі голымі ці валасістымі, прамастойнымі, узыходнымі ці ляжачымі сцёбламі і карэнішчам, радзей паўкусты і кусты. Лісце няпарнаперыстаскладанае, чаргаванае з эліпсоіднымі лісцікамі і ланцэтнымі прылісткамі, рэдка простае або трайчастае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружовыя, бела-ружовыя, бела-фіялетавыя або жоўтыя ў шарападобных парасоніках на доўгіх пазухавых ці верхавінкавых кветаносах. Плод — лінейны, прамы або сагнуты, дугападобны, рэдка смоўжападобна скручаны членісты струк. Лек. (мачагонны, слабіцельны, сардэчны і гіпатэнзіўны сродак), кармавыя, меданосныя, сідэратныя і дэкар. расліны. Асобныя віды — ядавітыя (маюць сардэчныя гліказіды каранізід і каранілін).

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)