САВО́ЙСКАЯ КАПУ́СТА,

гл. ў арт Капуста.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВО́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя правіцеляў Савоі (графаў у 11 ст. — 1416, герцагаў у 1416—1720, гл. Савойскае герцагства), каралёў Сардзінскага каралеўства (у 1720—1861) і аб’яднанага каралеўства Італіі (у 1861—1946). Першым графам быў Гумберт Белая рука (памёр у 1042 ці 1051). Каралі Сардзінскага каралеўства; Віктар Амедэй II [1720—30], Карл Эмануіл III [1730—73], Віктар Амедэй III [1773—96], Карл Эмануіл IV [1796—1802], Віктар Эмануіл I [1802—21], Карл Фелікс [1821—31], Карл Альберт [1831—49], Віктар Эмануіл II[1849—61, з 1861 кароль аб’яднанай Італіі]. Каралі Італіі: Віктар Эмануіл II [1861—78], Умберта I [1878—1900], Віктар Эмануіл III [1900—1946], Умберта II [1946, у 1944—46 каралеўскі намеснік].

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў Італіі ў 1720—1861. Утварылася ў выніку далучэння в-ва Сардзінія да Савойскага герцагства, герцагі якога прынялі тытул сардзінскіх каралёў (гл. Савойская дынастыя). Сталіца — г. Турын, тэр. ядро — вобласць П’емонт, назва якой стала неафіц. назвай усяго каралеўства. З 1792 С.к. ўдзельнічала ў антыфранц. кааліцыі. У 1792 Францыя акупіравала і анексіравала прыналежныя С.к. вобласць Савоя і г. Ніца з наваколлем, у 1798 — П’емонт. Улада Савойскай дынастыі захавалася толькі на Сардзініі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 С.к. адноўлена ў ранейшых межах і да яго далучана вобласць Лігурыя з г. Генуя. У 1821 аўстр. войскі задушылі ў П’емонце ўзначаленую карбанарыямі антыабсалютысцкую рэвалюцыю. У 1840-я г. ў выніку прамысл. перавароту С.к. ператварылася ў эканам. развітую дзяржаву, якая праводзіла незалежную знешнюю палітыку, была адным з цэнтраў барацьбы за вызваленне і аб’яднанне Італіі (рысарджымента). У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі ў С.к. ў сак. 1848 абвешчана ліберальная канстытуцыя. Італьян. войскі пацярпелі паражэнне ў аўстра-італьянскай вайне 1848—49, у час якой спрабавалі вызваліць ад аўстр. панавання Ламбардыю і Венецыю. С.к. ўдзельнічала на баку антырас. кааліцыі ў Крымскай вайне 1853—56. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 і рэвалюцыі 1859—60 у Італіі да С.к. далучана амаль уся тэр. Італіі, акрамя Рымскай і Венецыянскай абласцей. 17.3.1861 замест С.к. абвешчана Італьян. каралеўства на чале з апошнім сардзінскім каралём Віктарам Эмануілам II.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)