ВЫСАКО́СНЫ ГОД,
каляндарны год, які мае 366 сутак (на адны суткі больш за звычайны). Ёсць у юліянскім (стары стыль) і грыгарыянскім (новы стыль) календарах. Паводле новага стылю высакосным з’яўляецца кожны год, лічба якога дзеліцца на 4 без рэшты (акрамя гадоў, лічба якіх заканчваецца на 2 нулі, але не дзеліцца на 400, напр., 1700, 1800, 1900).
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне выгляду P(x, y,...,z)=0, дзе P(x, y,...,z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз. коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл. Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.
В.І.Бернік.
т. 1, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)