рэчавы скарб, знойдзены ў г. Мілдэнхал у графстве Сафалк (Вялікабрытанія). Ухаваны ў 4—5 ст. Уключаў сярэбраны посуд заможнай рымскай сям’і. Асаблівай увагі заслугоўвае (вял. 0,6 м у дыяметры) блюда вагой 8,1 кг, упрыгожанае рэльефам з выяваю Вакха і яго спадарожнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫНСКІ СКАРБ,
грашова-рэчавы скарб, знойдзены ў 1979 у час даследавання крапасной сцяны гарадзішча Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 2-й пал. 12 — 1-й трэці 13 ст. Рэчавая частка скарба прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі з высакапробнага серабра (фрагменты караляў з авальных пацерак і крынападобных падвесак, залачоныя з выявамі птушак, 6-прамянёвы і з ажурным беражком колты, адна- і двухстворкавы пласціністыя залачоныя бранзалеты і інш.), грашовая складалася з сярэбраных 2 наўгародскіх, 8 літоўскіх, 6 кіеўскіх зліткаў-грыўняў і 2 палцін. Зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́НСКІ СКАРБ, Бесарабскі скарб,
рэчавы скарб, знойдзены ў 1912 каля г.п. Барадзіно (зараз Таруцінскі р-н Адэскай вобл.). Датуецца 16—15 ст. да нашай эры. Знаходзіўся ў глінянай пасудзіне, належаў военачальніку ці правадыру племя. Складаўся з 6 каменных баявых сякер (1 з нефрыту), 3 булдавешак для булавы з алебастру, 2 наканечнікаў коп’яў, утулкі ад наканечніка кап’я, сярэбраных кінжала і шпількі. Рэчы рознага паходжання: наканечнікі коп’яў аналагічныя знаходкам з сеймінска-турбінскіх могільнікаў у Прыўраллі, каменныя вырабы — знаходкам з Каўказа, шпілька і кінжал — з Цэнтр. Еўропы. Захоўваецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на 3 і р. Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.