СЕЛІ́М III (Selim III; 24.12.1761, Стамбул — 28.7.1808),
турэцкі султан [1789—1807]. Набыў вядомасць спробамі рэфармаваць Асманскую імперыю. Па яго даручэнні была намечана і часткова ажыццёўлена праграма пераўтварэнняў у ваен., эканам. і фін. сферах на еўрап. ўзор (нізам- і джэдзід). Сутыкнуўшыся з моцным супраціўленнем кансерватыўных колаў, ён быў вымушаны скасаваць рэформы. 29.5.1807 скінуты янычарамі і праз год забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫРВА́НАЎ Георгі (н. 27.6.1957, с. Сірыштнік, Балгарыя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Балгарыі, гісторык. Канд.гіст.н. (1988). У палітыцы з 1991. Чл. Вышэйшага савета і нам. старшыні (з 1994), старшыня (з 1996) Балгарскай сацыяліст. партыі, якую імкнецца мадэрнізаваць і рэфармаваць у с.-д. духу. У 1997 адмовіўся ад прапановы ўзначаліць урад, потым узначальваў у Нар. сходзе (парламенце) левую дэпутацкую групу «Кааліцыя за Балгарыю». Са студз. 2002 4-ы прэзідэнт Балгарыі. Пацвердзіў ранейшы курс краіны на ўступленне ў НАТО і Еўрап. саюз, адначасова выказаўся за аднаўленне супрацоўніцтва з Расіяй і Украінай. Аўтар прац па гісторыі Балгарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОНКАНФАРМІ́СТЫ,
члены англ. царкоўнай арг-цыі (прэсвітэрыяне, кангрэгацыяналісты, квакеры, метадысты, баптысты і інш.), якія не прызналі абрадаў дзярж.англіканскай царквы. Плыні Н. (інш. назвы «дысентэры» — што адступаюць ад афіц. веравызнання) узніклі ў 16 ст., тэрмін «Н.» з’явіўся пасля прыняцця ў 1662 англ. парламентам «Акта пра аднастайнасць». Першапачаткова Н. імкнуліся рэфармаваць англіканскую царкву ў духу кальвінісцкага пурытанізму. Аднак афармленне англіканства як «сярэдняга шляху» паміж каталіцызмам і пратэстантызмам вымусіла іх адлучыцца ад дзярж. царквы і стаць у апазіцыю да яе. Ганенні на Н. асабліва ўзмацніліся пасля рэстаўрацыі манархіі ў 1660, калі шэрагам дзярж. актаў яны па сутнасці былі пастаўлены па-за законам і пачалі праследавацца. Многім з іх давялося эмігрыраваць, у т. л. ў Паўн. Амерыку. Законы, якія абмяжоўвалі грамадзянскія і паліт. правы Н., былі ў асноўным адменены ў 1828.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТЭ Сяргей Юльевіч (29.6.1849, Тбілісі — 13.3.1915),
рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.—жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг.буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармавацьгандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп. вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУС (Hus) Ян (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),
чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу у Канстанц (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.
Літ.:
Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮК (Gluck) Крыстаф Вілібальд (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),
нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст.Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц.італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб. паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.Г.Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз.т-р 19—20 ст. (Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Л.Керубіні, Э.Мегюль і інш.).
Літ.:
Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;
Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр.М., 1988. Вып. 3;
Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,
доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.Н.Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс.чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТАРЫ́ЙСКІЯ.
Чартарыскія, Чартарыжскія, княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паводле генеалагічнай традыцыі вялі радаслоўную ад кн. Канстанціна Альгердавіча (?—1390); пры гэтым спасылаліся на сваяцтва з вял.кн.Альгердам, пацверджанае польскім каралём Уладзіславам III граматай ад 14.6.1442. Аднак гісторыкі 19 ст. выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі пра іх бел. паходжанне. Прозвішча атрымалі ў 15 ст. ад свайго маёнтка Чартарыйск на р. Стыр на Палессі (Луцкі пав. Валынскага ваяв.). Княжацкі тытул Ч. зацверджаны на Люблінскім сойме 1569, у Аўстрыі ў 1785, у Каралеўстве Польскім у 1819. На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш. У канцы 16 ст. перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва. Пачынальнікам роду Ч. лічыцца кн. Васіль (? — пасля 1417), уладальнік маёнтка Чартарыйск; яго сынамі былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489). Патомства Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў 16 ст. Ад унукаў Міхаіла (валынская галіна) паходзяць 2 асн. лініі роду Ч.: ад Аляксандра Фёдаравіча (? — 1571) — чартарыйская лінія (скончылася ў 1606), ад Івана Фёдаравіча (? — 1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя Ч. (? — 1662) — пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Зах. Еўропы), і малодшая карэцкая (згасла ў 1810). Асаблівае значэнне ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай Ч. мелі ў 18 ст., калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — фамілію, якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. 18 ст. спрабавала правесці рэформы дзярж. і эканам. ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расію, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю. Гал. рэзідэнцыя Ч. была ў г. Пулавы (Люблінскае ваяв.). Найб. вядомыя: Васіль (? — пасля 1417), сын кн. Канстанціна Альгердавіча. З 1393 пры двары Ягайлы, валодаў Лагойскам. Іван (? — каля 1460), сын Васіля. Адзін з удзельнікаў змовы і забойства вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча (1440), уваходзіў у раду вял. князя Свідрыгайлы. Аляксандр (? — пасля 1477), сын Васіля. Канюшы вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440. Удзельнічаў у яго забойстве, таму вымушаны быў уцячы ў Маскву. У 1461 вярнуўся ў ВКЛ і атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра IV Лагойск, Асташын, Камянец. Міхаіл (? — да 1489), сын Васіля. Пасля забойства вял. князя Жыгімонта Кейстутавіча эмігрыраваў у Венгрыю. У 1444 вярнуўся, у 1445—51 маршалак дворны вял. князя Свідрыгайлы. Праціўнік экспансіі Польшчы на Валынь. У 1452 разам з братам Іванам дапамог сілам ВКЛ заняць Луцк, прызначаны намеснікам Брацлаўскім. Сямён (? — пасля 1524), сын Аляксандра, намеснік камянецкі ў 1507—18, староста чачэрскі і прапойскі, валодаў Лагойскам. Казімір (1674—31.8.1741), сын Міхаіла Юрыя, падчашы ВКЛ у 1699—1707 і 1709—12, падскарбі вялікі ВКЛ у 1707—09 (прызначаны Станіславам Ляшчынскім), падканцлер ВКЛ у 1712—24, кашталян віленскі з 1724). У час бескаралеўя 1696—97 прыхільнік на каралеўскі трон франц. прынца Франсуа Луі дэ Канці. У 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага, пазней супрацоўнічаў з Аўгустам II і Аўгустам III. У 1730-я г. арганізаваў магнацкую групоўку Ч. і звязаных з імі іншых родаў (фамілію), якая разлічвала з дапамогай Расіі ўмацаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай. Міхаіл Фрыдэрык (26.4.1696—13.8.1775), сын Казіміра, паліт. кіраўнік фаміліі ў 1740—70-я г. Падстолі ВКЛ у 1720—22, кашталян віленскі ў 1722—24, падканцлер ВКЛ у 1724—52, канцлер ВКЛ з 1752; староста гродзенскі, гомельскі, купішскі. Пасля смерці Аўгуста II (1733) прыхільнік Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам III. У 1744—50 спрабаваў рэфармавацьдзярж. лад Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Пасля смерці Аўгуста III (1763) у 1764 пад аховай рас. войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, скіраваную супраць К.С.Радзівіла Пане Каханку, і дамогся яго выгнання з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць фаміліі, арганізавала ў 1767 Радамскую канфедэрацыю на чале з Радзівілам. Да антырас. Барскай канфедэрацыі ён не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання рас. войск для яе падаўлення. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1763—64 як галава фаміліі падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменніка Адама Казіміра на трон Рэчы Паспалітай. Адам Казімір (1.12.1734—19.3.1823), сын Аўгуста Аляксандра, гл.Чартарыйскі А.К. Адам Ежы (14.1.1770—15.7.1861), Сын Адама Казіміра, гл.Чартарыйскі А.Е. Канстанцін Адам (28.10.1773—20.3.1860), сын Адама Казіміра, гл.Чартарыйскі К.А. Уладзіслаў (3.7.1828, Варшава — 23.6.1894), сын Адама Ежы, польскі паліт. дзеяч. Лідэр кансерватыўнай плыні польскай эміграцыі («Атэль Ламбер») пасля смерці бацькі. У час паўстання 1863—64 прадстаўнік на Захадзе польскага Нац. ўрада, супрацоўнічаў з партыяй «белых». Старшыня гіст.-літаратурнага т-ва ў Парыжы. Пераехаў у Галіцыю, у 1876 заснаваў у Кракаве Музей Чартарыйскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),
дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс.км², нас. (1986) 15,5 млн.чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш.паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш.к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш.нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 пад кіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.Штэфаніка Чэш.к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац.к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац.к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн.чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.
У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц.нар. партыя А.Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн.паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс.га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн.чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла 1/3ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр.паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Пад кіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац.к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр.СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэнне Нац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.
У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс.чал. (27 тыс.чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл.«Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, пад кіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІПІ́НЫ (тагальскае Pilipinas, англ. Philippines), Рэспубліка Філіпіны (тагальскае Republika ñq Pilipinas, англ. Republic of Philippines),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у зах.ч. Ціхага ак., на Філіпінскіх а-вах. У складзе Ф. больш за 7,1 тыс. астравоў, у т. л. 11 буйных (96% тэр.) — Лусон, Мінданао, Самар, Неграс, Палаван, Панай, Міндора, Лейтэ, Себу, Бахоль, Масбатэ; некат. астравы акружаюць каралавыя рыфы. Пл. 300 тыс.км². Нас. 81 160 тыс.чал. (2000). Афіц. мовы — тагальская і англійская. Сталіца — г.Маніла. Падзяляецца на 73 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны кангрэс, складаецца з сената (24 месцы) і палаты прадстаўнікоў (не больш як 250 месцаў; 200 дэпутатаў выбіраюцца, 50 назначаюцца прэзідэнтам ад паліт. партый і грамадскіх арг-цый). Сенатары выбіраюцца на 6 гадоў ( не больш як 2 тэрміны запар), члены палаты прадстаўнікоў — на 3 гады (не больш як 3 тэрміны запар). Выканаўчы орган — кабінет міністраў на чале з прэзідэнтам.
Прырода. Берагавая лінія большасці астравоў моцна парэзана. Уздоўж усх. ўзбярэжжа цягнецца Філіпінскі жолаб. Паверхня астравоў пераважна гарыстая, сярэдняя выш. 500—1500 м, найб. 2954 м (вулкан Апа на в-ве Мінданао). Раўніны займаюць міжгорныя катлавіны і вузкія ўзбярэжныя палосы. Больш за 10 дзеючых і шмат патухлых вулканаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., медныя, цынкавыя, нікелевыя руды, храміты, ртуць, золата, серабро, малібдэн, кадмій, кам. вугаль, нафта, азбест. Клімат трапічны і субэкватарыяльны, мусонны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, у гарах да 19 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000—4000 мм, на ўсх. падветраных — менш за 1000 мм за год. Частыя тайфуны. Рэкі кароткія, парожыстыя, гал. — Кагаян (на в-ве Лусон), Агусан (на в-ве Мінданао). Шмат азёр. Глебы пераважна горныя, латэрытныя, пашыраны чырвона-карычневыя. Каля 46% тэр. пад лесам; на У і ў гарах — вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З — лістападныя. Шмат эндэмічных відаў. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. З жывёл характэрны макакі, даўгапят, яшчаркі; каля 450 відаў птушак, у т. л. какаду, сметнікавыя куры, гарпія-малпаед. Нац. паркі (Маён-Волькана, Канлаон, Маўнт-Апа і інш.), фауністычныя рэзерваты, лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 100 народаў і народнасцей, у т. л. вісая (41%), тагалы (21%), ілокі (12%), мора (7%), кітайцы (1,5%) і інш. Насельніцтва размаўляе больш як на 70 мовах і дыялектах, якія належаць да аўстранезійскай моўнай сям’і. Большасць вернікаў — католікі (83%); пратэстанты — 9%, мусульмане — 5%, будысты — 3% Сярэдняя шчыльн. 271 чал. на 1 км², найб. на а-вах Себу, Лейтэ, Лусон, Неграс, Панай, Бахоль. Сярэднегадавы натуральны прырост 2,2%. У гарадах жыве 58% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Маніла (10 870), Кесан-Сіці (1989), Давао (850), Калаокан (780), Себу (610), Замбаанга (450). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 10%, у буд-ве 6%, у сферы паслуг 41%.
Гісторыя. Ф. насялялі плямёны аўстралоіднай расы, у 2-м тыс. да н.э. іх адцяснілі ў горныя раёны паўднёвамангалоідныя народы. У 1521 Ф. наведала ісп. экспедыцыя Ф.Магелана, які загінуў у сутычцы з жыхарамі в-ва Мактан. У 1565 з прыбыцця флоту М.Л.Легаспі пачалося ісп. заваяванне Ф. Да канца 16 ст. іспанцы падпарадкавалі большую ч. краіны, акрамя ісламізаванага ў 14—15 ст. насельніцтва, якое захавала на Пд незалежнасць да 19 ст. У хуткім часе большасць філіпінцаў хрысціянізавана.
На Ф. усталявалася сістэма кіравання на ўзор ісп. калоній у Амерыцы. З 17 ст. іспанцы ізалявалі краіну ад знешняга свету. Выхад з ізаляцыі ў пач. 19 ст. спрыяў уздыму гаспадаркі Ф. і мясц.культ.-асв. руху (гал. яго прадстаўнік Х.Рысаль). У 1892 засн. тайная патрыят.арг-цыя Каціпунан (кіраўнік А.Баніфасіо), якая ўзначаліла нац. паўстанне 1896—97. У час іспана-амерыканскай вайны 1898 на Ф. высадзіліся войскі ЗША, 12.6.1898 абвешчана незалежная Філіпінская Рэспубліка на чале з Э.Агінальда. У выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 Ф. сталі калоніяй ЗША. У 1916 утвораны Заканад. сход Ф., а паводле закона і канстытуцыі 1934 у 1935 утвораны аўт. ўрад на чале з прэзідэнтам М.Л.Кесанам. У 1941—42 Ф. акупіравалі яп. войскі. У 1942—44 на в-ве Лусон узбр. барацьбу супраць захопнікаў вяла партыз. армія Хукбалахап. У канцы 1944 — пач. 1945 тут адбыліся жорсткія баі паміж амер. і яп. войскамі. 4.7.1946 абвешчана незалежнасць Ф. У 1965 прэзідэнтам краіны абраны Ф.Маркас, які ў 1972 увёў надзвычайнае становішча (да 1981) і замацаваў свае вял. паўнамоцтвы. Дыктатура прэзідэнта і карупцыя сярод яго паплечнікаў прывялі да нар. выступленняў у лют. 1986, рэжым Маркаса быў скінуты. Урад прэзідэнта К.Акіна правёў дэмакратызацыю паліт. жыцця. Але ён і ўрад прэзідэнта М.Рамаса (1992—98) не здолелі рэфармаваць эканоміку Ф. Нягледзячы на мірнае пагадненне 1996 з мусульм. арг-цыямі, радыкальныя ісламісцкія групоўкі на Пд Ф. працягваюць узбр. барацьбу супраць урада. Эканам. рэформы на Ф. вядуцца і пасля выбрання ў студз. 2001 прэзідэнтам краіны Г.Макапагал-Араё. Ф. — чл.ААН (з 1945), Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў маі 1996.
Дзейнічаюць Ліберальная партыя, Партыя нацыяналістаў, Барацьба за філіпінскую дэмакратыю.
Гаспадарка. Ф. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 270,5 млрд.дол. (3,5 тыс.дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой ствараецца каля 20% ВУП і каля палавіны кошту экспарту. Зямля належыць пераважна буйным памешчыкам і плантатарам. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 19% тэр.; асн. плошчы на а-вах Лусон, Себу, Панай, Неграс, Бахоль, Мінданао. Пераважае раслінаводства. Глебы ўрадлівыя. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. На экспарт вырошчваюць какосы, абаку (адно з першых месц у свеце па вытв-сці і экспарце копры і манільскай пянькі), цукр. трыснёг, тытунь, арахіс, ананасы, бананы, манга; на ўнутр. патрэбы — рыс (пл. 3,2 млн.га, збор 8,6 млн.т), кукурузу (2,4 млн.га, 3,8 млн.т), батат, маніёк, агародніну, каву, какава. Ёсць насаджэнні каўчуканосаў. Гадуюць (млн. галоў, 1997) свіней (10,4), коз (6,8), буйвалаў (3), буйн. раг. жывёлу (2,4), курэй (137,7). Рыбалоўства — важная галіна гаспадаркі. Большую ч. спажываемых бялкоў філіпінцы атрымліваюць з морапрадуктаў. Улоў рыбы ў 1999 склаў 2,14 млн.т. Промысел жэмчугу. Нарыхтоўка высакаякасных гатункаў драўніны (пераважна на экспарт), дубільнай кары, каўчуку, гутаперчы, воску, фарбавальнага дрэва, ратангавай пальмы. Аснова прамысловасці Ф. — горназдабыўная галіна. Здабыча меднай руды (штогод каля 500 тыс.т), храмітаў (120 тыс.т), серабра (40 т), золата (25 т), жалеза, марганцу, цынку, свінцу, каменнага вугалю, нафты. Вытв-сць электраэнергіі 39,6 млрд.кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС (70%), якія працуюць на імпартуемай нафце і нафтапрадуктах, і ГЭС (11%). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў — філіялы замежных кампаній або належаць іх субпадрадчыкам. Апрацоўчая прам-сць: цукр., рысаачышчальныя, тытунёвыя, алейныя, агароднінакансервавыя прадпрыемствы, вытв-сць копры, канатаў і інш. Развіты тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., у т. л. мэблевая, цэлюлозна-папяровая галіны. У машынабудаванні хуткімі тэмпамі развіваецца радыёэлектронная прам-сць. Вытв-сць тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, электратэхн. вырабаў, зборка аўтамабіляў, суднабудаванне і суднарамонт у Маніле, Кесан-Сіці, Калаокане, Ілаілі і інш. Металургічныя прадпрыемствы ў Калаокане, Пасаі, Ілігане. Хім. (мін. ўгнаенні. гумаватэхн. вырабы), нафтахім. і нафтаперапр.прам-сць (Іліган, Маніла, Себу). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Саматужныя промыслы. Даўж. чыгунак 492 км (на а-вах Лусон і Панай), аўтадарог 200 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 39,6 тыс.км. Пан-Філіпінская шаша (з паромамі) злучае а-вы Лусон, Самар, Лейтэ і Мінданао. У краіне 703 тыс. легкавых і 1,35 млн. грузавых аўтамабіляў. Асн. роля ў знешніх і ўнутр. перавозках належыць суднаходству. Гал. парты: Маніла, Себу, Ілаіла, Давао, Замбаанга, Іліган. Міжнар. аэрапорты: Маніла, Давао, Себу, Пасай, Замбаанга. Экспарт (34,8 млрд.дол., 1999) электронікі, машын, адзення, копры, абакі, цукру, какосавага алею, каляровых металаў. Імпарт (30,7 млрд.дол., 1999) сыравіны, камплектуючых дэталей, прамысл. і спажывецкіх тавараў, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Сінгапур, Рэспубліка Карэя, Вялікабрытанія і інш. Грашовая адзінка — філіпінскае песа.
Літаратура. Развіваецца пераважна на тагальскай (піліпіна), а таксама ісп. і англ. мовах. Стараж. фальклор прадстаўлены анімістычнымі замовамі і заклінаннямі, міфамі, легендамі і паданнямі. У 14—16 ст. пашыраны вершаваныя і празаічныя сказанні. У перыяд ісп.калан. панавання (16—19 ст.) л-ра набыла рэліг. характар. Пад уплывам ісп. л-ры склалася містэрыяльная паэзія пасьён (рэліг. песнапенні пра жыццё і смерць Ісуса), з’явіліся курыда (балады), авіт (гераічныя паэмы), папулярнымі сталі мора-мора (тэатр. паказы). Заснавальнік тагаламоўнай л-ры Ф.Бальтасар паклаў пачатак антыкалан. кірунку. Творчасць Х.Рысаля паўплывала на развіццё рэаліст. іспанамоўнай л-ры. У пач. 20 ст. пашырылася л-ра на англ. мове (паэзія і проза Х.Г.Вільі, Н.М.Хаакіна, Н.В.М.Гансалеса). З’явіліся бытапісальныя раманы Л.Сантаса, абнавілася паэзія. Традыцыі Бальтасара прадоўжыў у сац. насычаных раманах А.Эрнандэс. Сучасная паэзія блізкая да сінкрэтызму, у прозе пераважаюць малыя жанры, для якіх характэрна ўзмацненне сац. гучання. У 1974 створаны Саюз пісьменнікаў Ф.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на Ф. адносяць да позняга неаліту (арнаментаваная кераміка, урны з ляпной «ладдзёй памерлых»). У нар. мастацтве развіты разьба па дрэве і бамбуку абарыгенаў аэта, ткацтва горных малайскіх народаў са стылізаванымі выявамі божастваў і сіл прыроды, майстэрская апрацоўка дрэва і металу; размалёўкі і тканіны мусульман мора з міфічнымі матывамі, расл. і геам. ўзорамі; вышыўка, пляценне, разьба, ювелірная справа; выраб масак і касцюмаў для містэрый, лубкоў, фігур святых і інш. ў хрысціянізаваных раўнінных народаў. Традыц. жытло — дом на па́лях, накрыты пальмавым лісцем. У каланіяльны перыяд узніклі гарады, умацаванні, касцёлы, кляштары, палацы ў стылях барока і класіцызму (палац Прэзідэнта «Малаканьян», 1863). Тыповыя для ісп. дойлідства арх. формы спалучалі з нац. матывамі дэкору (касцёл Міяг-ао ў Ілаіла на в-ве Панай). У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Маніла забудоўвалася ў духу зах.-еўрап. і амер. архітэктуры; з’явіліся жывапіс на патрыят. тэмы Х. дэ Луны, Ф.Ідальга, скульптура Г.Таленціна. З 1930-х г. пабудовы архітэктараў (П.Антоніо, С.Консьё, Л.В.Лаксін, Х.Накпіль) спалучалі метады сучаснай архітэктуры з дэкар. элементамі нац. стылю (Культ. цэнтр Ф. у Маніле, 1969, арх. Лаксін). У 1950-я г. будавалі фешэнебельныя кварталы ў Маніле, Макаці, Кесан-Сіці. У жывапісе Ф.Аморсала ўзначаліў школу рэаліст. традыцый мастацтва 19 ст. Сучаснае мастацтва развіваецца ў нац. традыцыях і пад уплывам амер. мадэрнізму. Вылучаецца творчасць жывапісца-манументаліста К.Франсіска, жывапісцаў В.Эдадэса, Г.Акампа і інш., скульптараў Н.Абуэва, Э.Кастрыльё.
Музыка. Ф. зазнала ўплыў паўд.-ўсх. Азіі. У выніку араба-мусульманскіх уплываў 7—8 ст. побач з традыц.муз. інструментамі пашырыўся духавы язычковы інструмент серунай. У 15 ст. пашырыліся цырыманіяльныя аркестры нобат. З 16 ст. пранікалі еўрап.муз. традыцыі, з 17 ст. — іспанізаваныя песенныя стылі пасьён, курыда, кундзіман; танцы хота, хабанера і інш.; інстр. ансамблі рондалья, тэатр. жанры сарсуэла, мора-мора і інш. На Пд захавалася выканальніцтва на кулінтангу (наборы металафонаў, гонгаў), ансамблі бамбукавых інструментаў пангкат каваян. Лакальныя асаблівасці вак. музыкі звязаны са спецыфікай муз. суправаджэння, моўнымі дыялектамі і інш. Эпічным песням ламанг на гіст. і міфал. сюжэты ўласцівы элементы тэатралізацыі. Уздым муз. творчасці ў 1940-я г. спрыяў фарміраванню нац. кампазітарскай школы, для якой характэрны ісп. і амер. ўплывы. Сярод муз. дзеячаў 20 ст.: кампазітары М.Адонай, Н.Абелярда, Ф.Буэнкаміна, Л.Р.Касілаг, Ф.П. дэ Леон, Х.М.Маседа, А.Х.Маліна, Ф.Сант’яга, Х.Эстрэлья; выканаўцы А.Авеліна, П.Консепсьён, Х.Сілас. Працуюць: аркестр філармоніі (Маніла), сімф. аркестр пры Манільскім сімф. т-ве, ансамблі «Баяніхан» і «Філіпінескас», Нац.муз. федэрацыя, Сіліманскі муз. фонд, Культ. цэнтр, Ліга кампазітараў, Оперная гільдыя, Нац. асацыяцыя бэндаў, Асацыяцыя хар. дырыжораў, Т-вы муз. выхавання, кампазітараў, аўтараў, выдаўцоў, арганістаў. З 1979 у Маніле праводзіцца міжнар. фестываль хар. музыкі.
Літ.:
Сумленова Е.В. Острова сампагиты. М., 1985;
Барышникова О.Г., Левтонова Ю.О. Филиппины и США: 200 лет противостояния, компромиссов, партнерства. М., 1993;
Мазуров В.М. От авторитаризма к демократии: (Практика Юж. Кореи и Филиппин). М., 1996;
Александрович Н.Н. Филиппины после второй мировой войны. М., 1980;
Сантос А. Филиппинская литература. М., 1965.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Філіпін.Да арт.Філіпіны. Керамічная пасудзіна з пячоры Манунгуль (востраў Палаван). 9—8 ст. да н.э.Да арт.Філіпіны. Ф.Аморсала. Юныя прачкі. 1942.Да арт.Філіпіны. Возера Тааль.Да арт.Філіпіны. Палац Прэзідэнта «Малаканьян».