РЭ́ПІН (Ілья Яфімавіч) (5.8.1844, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 29.9.1930),
расійскі жывапісец і графік, педагог. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у І.Крамскога (1863), Пецярбургскай АМ (1864—71); у 1873—76 стыпендыят у Італіі і Францыі. У 1894—1907 выкладаў у Пецярбургскай АМ (у 1898—99 рэктар). Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (з 1878; гл.Перасоўнікі). У творчасці Р. ўвасобіліся лепшыя дасягненні дэмакр. мастацтва яго часу. У шматлікіх палотнах адлюстраваў супярэчнасці грамадскага жыцця паслярэформеннай Расіі, выкрываў эксплуатацыю народа, сцвярджаў скрытую ў ім сілу і наспяванне пратэсту («Бурлакі на Волзе», 1870—73; «Хрэсны ход у Курскай губерні», 1880—83), стварыў шэраг станоўчых вобразаў, ярка і праўдзіва адлюстраваў сілу і слабасць разначынскага рэв.-дэмакр. руху («Адмова ад споведзі», 1879—85; «Не чакалі», 1884; «Арышт прапагандыста», 1880—92). У гіст. карцінах імкнуўся паказаць трагічныя перапляценні чалавечых пачуццяў, моцныя драм. характары («Царэўна Соф’я», 1879; «Іван Грозны і сын яго Іван», 1885), раскрыць вальналюбны дух народа («Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану», 1878—91). Стварыў шматгранныя вобразы прадстаўнікоў розных слаёў рас. грамадства («Мужык з ліхім вокам», «Протадыякан*. абедзве 1877), партрэты У.Стасава (1873), М.Мусаргскага (1881), П.Стрэпетавай (1882), Л.Талстога (1887), Э.Дузе (1891), В.А.Сярова (1901), І.Паўлава (1924), групавы партрэт «Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета» (1901—03; з Б.Кустодзіевым і І.Куліковым), малюнкі «Неўскі праспект» (1887) і інш. У 1892—1904 перыядычна працаваў ва ўласным маёнтку Здраўнёва (Віцебская вобл). Тут створаны карціны «Беларус», «Асенні букет», «Паляўнічы з ружжом» (усе 1892), «Касец-літвін» (1894), «Дуэль», «Месячная ноч. Здраўнёва», «Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома» (усе 1896) і інш., шэраг эцюдаў, эскізаў («На Заходняй Дзвіне. Усход сонца», 1892; «Казанне Язафата Кунцэвіча», 1893, і інш.). Творам уласціва гарманічнае спалучэнне каларыту і святло-паветранага асяроддзя, строга прадуманая кампазіцыя, арганічная цэласнасць пластычнай формы і колеру, малюнка і жывапісу. Р. карыстаўся чыстымі светлымі фарбамі, якія ў яго палотнах аб’ядноўваліся ў адзіную колеравую гаму. У б. маёнтку Здраўнёва адкрыты Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва». З 1993 праводзіцца Міжнар. дзіцячы пленэр імя Р. Іл.гл. таксама да арт.Рэалізм, Расія.
Тв.:
Далекое близкое. 7 им. М., 1964.
Літ.:
Грабарь И. Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;
Новое о Репине. Л., 1969;
Лясковская О.А. И.Е.Репин. [3 изд.]. М., 1982;
Чуковский К.И. И.Репин. 2 изд. М., 1983;
И.Репин: Живопись, графика: Альбом. Л., 1985;
гл. таксама да арт.Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1982). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1936, майстэрня С.Эйзенштэйна). З 1957 працаваў у навукова-папулярным і дакумент. кіно. Сярод фільмаў: «Рускі камень» (1960), «Вялікі выкрывальнік» (1971, сцэнарый з Л.Горыным), па ўласных сцэнарыях зняў фільмы «Крылом да крыла» (1972), «Рэпін малюе Талстога» (1978), «Яўген Баратынскі» (1979), «Фёдар Дастаеўскі» (1980) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВО́ЗДЗІКАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 29.11.1951, г. Віцебск),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працуе ў манум. і станковай пластыцы. Сярод манум. твораў помнікі Героям Сав. Саюза А.Углоўскаму (1978), М.Сільніцкаму (1981), мемар. ансамбль, прысвечаны дзецям М.П.Шмырова (1984), помнікі мастакам М.Шагалу (1992) і І.Хруцкаму (1996), нар.арт. Беларусі Г.Дубаву (1996). Аўтар станковых кампазіцый: «Партрэт бацькі» (1975), трыпціх «Нараджэнне палёту» (1980), «Рэпін у Здраўневе» (1987) і інш. Творы вылучаюцца завершанасцю і лаканізмам, выразнай рытмікай, пластычнай мадэліроўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПІНА ІЛЬІ́ МУЗЕ́Й-СЯДЗІ́БА «ЗДРАЎНЁВА»,
музей, прысвечаны жыццю і творчасці на Беларусі рас. мастака І.Я.Рэпіна; філіял Віцебскага краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1989 у в. Здраўнёва Віцебскага р-на, якая была набыта Рэпіным у 1892. На той час сядзіба ўключала сядзібны дом, флігель, 2 жылыя дамы, гасп. будынкі, невял. парк, сад са штучным вадаёмам (захаваліся лядоўня, ліпавая алея, асобныя дрэвы, вадаём). У 1893—95 сядзібны дом перабудаваны па ўласных эскізах мастака. На працягу 1892—1904 Рэпін жыў (з перапынкамі) у Здраўнёве і стварыў тут шмат твораў. Музей размешчаны ў асабняку, адноўленым па фотаздымках, эскізах мастака паводле праекта П.П.Кракалёва. Экспазіцыйная пл. будынка музея 212 м². Пл. ахоўнай зоны 12 га, зоны рэгулявання забудовы 35 га. Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, культ.-асв. работу. 380 адзінак асн. і 850 навук.-дапаможнага фондаў (2000), якія захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, у т. л. акварэлі Рэпіна «Конік», «Афрыканскі матыў», «Запарожац», малюнкі «Вершнік страляе», «Казанне Іасафата Кунцэвіча» (1893), «Партрэт Н.Рэпінай» і «Краявід. Здраўнёва» (абодва 1895), карціна «Дэзерцір» (1917), абразы Ісуса Хрыста (1894) і Маці Божай (1895), ліст мастака А.Сапунову, кніга «Ўспаміны і пісьмы І.Я.Рэпіна» з дарчым надпісам мастака У.Аскерку, рэчы побыту з дома ў Здраўнёве, лісты Т.Дзяканавай (унучкі мастака), фотаздымкі мастака, яго родных і знаёмых, успаміны, кнігі пра Рэпіна, падарункі музею. У экспазіцыі асабістыя рэчы Рэпіна, фотаздымкі, мэбля канца 19 — пач. 20 ст., рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Здраўнёве.
Літ.:
Кичина Е.М. И.Е.Репин и Здравнево: В обретении и разлуке [2 изд]. Витебск, 1994;
Падліпскі А.М. Здраўнёва: тут жыў І.Я.Рэпін: Пер. з рус.Мн., 1995;
Шышанаў В. Невядомае Здраўнёва // Віц. сшытак. 2000. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБРА́МЦАВА»,
гісторыка-мастацкі і літ. музей-запаведнік у Расіі. Створаны ў 1977 на тэр.б. сядзіб Абрамцава каля г. Загорск Маскоўскай вобл. (з 1843 належала Аксакавым, з 1870 — Мамантавым, з 1918 тут створаны музей) і Ахтырка.
У 19 ст. адзін э буйных цэнтраў культ. жыцця Расіі. У сядзібе ў С.Аксакава гасцявалі М.Гогаль, І.Тургенеў, М.Шчэпкін і інш. У 1870—90-я г. тут жылі і працавалі В.Васняцоў, І.Рэпін, В. і А.Паленавы, В.Сяроў, К.Каровін, М.Несцераў, М.Урубель і інш. Пры ўдзеле арх. В.Гартмана і І.Ропета ў парку пабудаваны ў «рус. стылі» студыя, «Хатка на курыных ножках», царква, дача для мастакоў; створаны майстэрні разьбы па дрэве (гл.Абрамцава-кудрынская разьба) і маёлікі; пісаліся дэкарацыі для Мамантаўскага гуртка (паслужыў асновай Маскоўскай прыватнай оперы); у аматарскіх спектаклях удзельнічалі К.Станіслаўскі, Ф.Шаляпін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАНО́ВІЧ (Давід Рыгоравіч) (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Избранное. Мн., 1995;
Солнечный хмель. Мн., 1982;
Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;
Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;
Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.