Рэле 4/332; 9/256; 10/204

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЕ́ (ад франц. relais ад relaer змяніць, замяніць),

прылада для аўтаматычнай камутацыі эл. ланцугоў па зададзеным вонкавым уздзеянні (па сігнале). Складаецца з рэлейнага элемента, які мае 2 станы ўстойлівай раўнавагі, і групы эл. кантактаў, што замыкаюцца або размыкаюцца пры змене стану рэлейнага элемента. Выкарыстоўваецца ў рэлейнай ахове эл. сетак і электраўстановак, ва ўстройствах аўтам. кіравання, кантролю, сігналізацыі і інш.

Рэлейны элемент змяняе свае станы раўнавагі пад уздзеяннем эл. ці неэл. велічынь. Для ўспрымання неэл велічынь выкарыстоўваюцца разнастайныя вымяральныя пераўтваральнікі. Адрозніваюць Р.: эл. (рэагуюць на сілу току, напружанне, частату эл. ваганняў), магн. (на напружанасць магн. току, магн. індукцыю і інш.), мех. (на перамяшчэнне, скорасць, ціск, амплітуду ваганняў і інш.), цеплавыя (на т-ру, цеплавы паток), акустычныя (на частату гукавых ваганняў, акустычны ціск), аптычныя (на асветленасць, светлавы паток, частату светлавых ваганняў). Найб. пашыраны: эл.-магн. Р., у якіх пры пэўнай велічыні току ў абмотцы якар прыцягваецца да асяродка і замыкае (ці размыкае) кантакты ў кіроўным ланцугу; рэле часу (Р. вытрымкі), якое стварае неабходную затрымку ў перадачы ўздзеяння на выканаўчы механізм. Напр., у электратэрмамех. Р. часу пры награванні токам біметал. пласціны яна дэфармуецца і замыкае кантакты.

У.​М.​Сацута.

Рэле: а — электрамагнітнае (1 — кантактныя спружыны, 2 — кантакты, 3 — якар, 4 — асяродак, 5 — абмотка); б — механічнае паплаўковае ўзроўню вадкасці (1 — рэгулявальная гайка, 2 — шток, 3 — паплавок, К — кантакты); в — цеплавое (1 і 2 — трубка і стрыжань з матэрыялаў з рознымі тэмпературнымі каэфіцыентамі расшырэння, 3 — кантакты, 4 — рычаг, 5 — рэгулявальны вінт); г — біметалічныя рэле часу з тэмпературнай кампенсацыяй (1 — біметалічныя пласцінкі, 2 — награвальнік).

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гама-рэле 3/324

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЕ́ ЧА́СУ,

прыстасаванне (прылада), кантакты якога замыкаюцца або размыкаюцца з некаторай затрымкай у часе пасля атрымання кіроўнага сігналу. Затрымку рэгулююць адвольна, для чаго выкарыстоўваюць розныя яе схемы.

У эл. Р.ч. такая схема заснавана на замаруджванні нарастання або спадання сілы току (велічыні напружання) у эл. ланцугах, якія маюць кандэнсатары, шпулі індуктыўнасці, рэзістары, лічыльнікі імпульсаў. У цеплавых Р.ч. выкарыстоўваюць дэфармацыю біметал. пласцін пры награванні токам, у пнеўматычным — змену скорасці выцякання газу (паветра) з рэзервуара. Час затрымкі Р.ч. ад некалькіх мікрасекунд да некалькіх гадзін. Выкарыстоўваюцца ў рэлейнай ахове, сістэмах аўтаматыкі, пры фотадрукаванні і інш.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАРЭЛЕ́ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + рэле),

рэлейнае прыстасаванне, у якога адчувальным элементам з’яўляецца мембрана, сільфон, а пераўтваральнікам мех. перамяшчэння і змены ціску паветра — сапло-засланка.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУТА́ЦЫЯ ў тэхніцы,

пераход эл. току ад аднаго вентыля да наступнага ў вентыльных пераўтваральніках току (выпрамніках, інвертарах і інш.); пераключэнне эл. ланцугоў у прыладах аўтаматыкі, электраэнергетыкі, электрасувязі і інш. Выконваецца з дапамогай рэле, кантактараў, камандаапаратаў, ключоў (мех., электронных, магн.) і інш.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУТА́ТАР (ад лац. commuto змяняю),

пераключальнік, размеркавальнік, прылада для камутацыі ў эл. ланцугах. Бываюць эл.-мех. (рубільнікі, калектары эл. машын, эл.-магн. рэле і інш.), электронныя (на базе газаразрадных прылад, электравакуумных прылад, паўправадніковых прылад) і электроннапрамянёвыя. Выкарыстоўваюцца ў многіх сродках электратэхнікі, сувязі, тэлемеханікі і інш.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРААПАРАТУ́РА».

Пачаў сваю дзейнасць ў 1946 з завода прамысл. кааперацыі «Штамп» па выпуску гасп. посуду і электрапрыбораў. З 1956 — з-д металабытавых вырабаў. З 1958 — сучасная назва. Асн. прадукцыя: нізкавольтная апаратура (пускальнікі электрамагнітныя, прылады ахоўнага адключэння, кантактары, цеплавыя рэле) і быт. тэхніка (разеткі, выключальнікі, падаўжальнікі, электрапрасы, электрапліткі; смажыльныя шафы, электраміксеры, электрабігудзі і інш.).

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАПРАВО́Д,

частка электратэхнічных машын, апаратаў і прыстасаванняў, якая канцэнтруе, павялічвае і размяркоўвае (з наданнем патрэбнай канфігурацыі) магнітны паток. Робіцца з ферамагнітных матэрыялаў (гл. Ферамагнетыкі), звычайна з лістоў электратэхн. сталі. М. служаць ротары і статары эл. рухавікоў і генератараў, асяродкі (Ш- або П-падобнай замкнёнай формы) эл. трансфарматараў, электрамагнітаў, электрамагн. рэле і інш.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК электрычны,

апарат (прыстасаванне) для камутацыі эл. ланцугоў. Найб. просты П. — рубільнік, універсальны — пакетны выключальнік. У эл. сілавых устаноўках, сістэмах дыстанцыйнага і аўтам. кіравання, у радыёапаратуры выкарыстоўваюцца эл. выключальнікі, кантактары, кантролеры, камандакантролеры, тумблеры, рэле; у ланцугах сувязі — тэлефонныя і тэлеграфныя камутатары, шагавыя шукальнікі і інш. Пашыраны бескантактныя П.: транзістарныя, дыёдныя, тырыстарныя, пераключальныя матрыцы і інш.

т. 12, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)