Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Рэес Басуальта Н. Р., гл. Нэруда П.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНІ́М (ад ала... + грэч. onyma імя),
чыё-небудзь сапраўднае імя, выкарыстанае іншай асобай як псеўданім. Напр., чылійскі паэт Пабла Нэруда сваё сапраўднае імя Рэес Басуальта Нефталі Рыкарда замяніў імем чэшскага пісьменніка Яна Нэруды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ДА (Granada),
горад на Пд Іспаніі, у аўт. вобласці Андалусія, каля падножжа гор Сьера-Невада, у сутоках рэк Дара і Хеніль. Адм. ц. правінцыі Гранада. 255,2 тыс.ж. (1991). Трансп. вузел. Цэнтр раёна арашальнага земляробства. Вытв-сць ільняных і шарсцяных тканін, дываноў, лікёраў; цэм., хім.прам-сць. Цэнтр турызму. Шматлікія атэлі. Ун-т.
У гіст. крыніцах упамінаецца з 750. Цэнтр араб. княства, належала дынастыям Зірыдаў (1012—90), Альмаравідаў (1090—1156), Альмахадаў; з 1238 сталіца Гранадскага эмірата (дынастыя Насрыдаў). У 13 ст. Гранада — буйны цэнтр вытв-сці шаўковых тканін, зброі, гандлю з араб. дзяржавамі. У 1492 адваявана іспанцамі. Пасля масавага выгнання марыскаў (1568—70, 1609—10) і спынення гандл. сувязей з Усходам горад паступова заняпаў. У 18—19 ст. буйны прамысл.цэнтр. У грамадз. вайну 1936—39 Гранада — апорны пункт фаш. мяцежнікаў.
Сярэдневяковы цэнтр горада часткова рэканструяваны ў пач. 20 ст., новае буд-ва вядзецца ў паўн.-зах. напрамку ад яго. Сярод помнікаў архітэктуры: сабор (1523—1703; у інтэр’еры — познагатычныя капэлы, надмагіллі, вітражы 16 ст., шматлікія творы жывапісу і скульптуры), цэрквы — Сан-Хуан дэ лос Рэес (каля 1518, арх. Р.Фернандэс) са званіцай 13 ст., Санта-Ана (1537—63, арх. Д. дэ Сілаэ), манастыр Ла Картуха (16—18 ст.), біржа («лонха»; 1518—22), шпіталі Рэаль (1504—22), Сан-Хуан дэ Дыяс (1552—1609), шматлікія сады. У палацы Каса дэ Кастрыль (1539) Музей выяўл. мастацтва і археалогіі. На ўсх. ускраіне Гранады — палац-замак Альгамбра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр.Рэес Басуальта
(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),
«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.Барадулін, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, Г.Кляўко, А.Куляшоў, А.Лойка, Я.Семяжон, М.Стральцоў, М.Танк, К.Шэрман. Магілёўскі абл.т-р лялек (1980) і Дзярж.т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),
Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт.Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт.Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт.Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.