«КІ́НУЎ РЫ́НУЎ ПАЎСТА́ННЕ»,
«Кінуўшы-рынуўшы паўстанне», «Віншаванне Савасцея», «Віншаванне бондара Савасцея», бел. ананімны верш 1830-х г. Упершыню апубл. ў час. «Иллюстрация» (1848, т. 7). Паводле Я.Карскага, больш ранні запіс твора занатаваны ў зборах В.Бадзянскага. Пазней фіксаваўся збіральнікамі фальклору М.Дзмітрыевым, П.Шэйнам, М.Федароўскім (апубл. скарочана ў кн. «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя», 1971, у каментарыях памылкова аднесены да паўстання 1863—64), І.Луцкевічам (запісаны ў в. Ухвішча Лепельскага пав. ў 1903). У жанравых адносінах верш — спалучэнне імяніннага віншавання і гутаркі. Выяўляе адносіны бел. сялян да паўстання 1830—31: скептычная ацэнка кіраўніцтва кансерватыўнай шляхты, класавыя інтарэсы якой былі далёкія ад надзённых патрэб прыгонных («Бо гэтак у нашай Польшчы: усякі хацеў быць большы»), расчараванне паўстанца-мужыка пасля паражэння («Польшчы не адбілі, народ паглумілі, а бяды па вушы нарабілі»). Гэтыя пачуцці прыводзілі героя да вернападданніцкіх, царысцкіх ілюзій («Бадай ці не лепей судару служыць»).
І.У.Саламевіч.
т. 8, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (1832, С.-Пецярбург — 26.5.1873),
рускі і бел. этнограф, фалькларыст, педагог. Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1853). З 1853 настаўнік дваранскага вучылішча, пасля дырэктар гімназіі ў Навагрудку. Першы дырэктар (1867—73) Гродзенскай дырэкцыі нар. вучылішчаў. Чл. Рус. геагр. т-ва. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел. народа, запісваў бел. фальклор. Зрабіў апісанне шматлікіх нар. абрадаў і звычаяў, побыту («Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», 1861, «Апісанне пахаванняў і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні», 1867, «Норавы і звычаі заходнярускага народа», 1868, і інш.). Бел. казкі дасылаў рус. фалькларысту А.М.Афанасьеву, які публікаваў іх па-беларуску ў сваіх «Народных рускіх казках». Запісваў бел. тапанімічныя і міфалагічныя легенды («Возера Свіцязь», 1860, «Паданне пра Лоўчыцы», 1861). У зб. «Спроба збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868) апубл. урывак з твора Я.Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», бел. ананімны верш «Кінуў-рынуў паўстанне». У «Зборы песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869) змясціў 277 каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых песень, 8 казак, апісанні абрадаў, нар. гульняў, забаў, танцаў. Частка рукапіснай спадчыны Дз. зберагаецца ў архівах Геагр. т-ва і Б-кі Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу і ў Цэнтр. гіст. архіве Літвы (Вільнюс).
Тв.:
Несколько слов краткого исторического обозрения русско-литовского Новогрудка... // Вестн. имп. Рус. геогр. об-ва. 1858. Ч 24;
Собрание дальнейших исторических сведений о Новогрудке со смерти Свенторога (1270) // Там жа. 1859. Ч. 26;
Обряды и обычаи западнорусских крестьян // Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 г Гродно, 1869;
Воскресные школы в Гродненской губернии // Циркуляр по Московскому Учебному округу. 1868. № 12.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)