ЛАЛАБРЫ́ДЖЫДА (Lollobrigida) Джына

(н. 4.7.1927, г. Субіяка, Італія),

італьянская кінаактрыса, рэжысёр, фатограф. Вучылася на курсах спеваў, у тэатр. вучылішчы. У кіно з 1946. Першая значная работа ў антыфаш. фільме «Небяспечна: бандыты!» (1951). Актрыса адметная яркай знешнасцю, тэмпераментам, прыродным артыстызмам. Знялася ў фільмах: «Фанфан-Цюльпан» (1951), «Начныя прыгажуні» (1952), «Хлеб, каханне і фантазія», «Правінцыялка» (абодва 1953), «Рымлянка», «Хлеб, каханне і рэўнасць» (абодва 1954), «Сабор Парыжскай Божай маці» (1956), «Саламон і царыца Саўская» (1959) і інш. Зняла дакумент. фільм пра Кубу (1976). Аўтар шматлікіх фотаальбомаў.

т. 9, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ Мікалай Мікалаевіч

(27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр І дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац. маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.

Літ.:

Н.Н.Ге: Письма. Статьи. Критика;

Воспоминания современников. М., 1978.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)