функцыянальная рухавасць

т. 16, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГВІ́НІК [ад лац. sanguis (sanguinis) кроў],

суб’ект, які мае адзін з чатырох асн. тыпаў тэмпераменту і характарызуецца высокай псіхічнай актыўнасцю, энергічнасцю, працаздольнасцю, хуткасцю і жвавасцю рухаў, разнастайнасцю і багаццем мімікі, хуткім тэмпам мовы. С. імкнецца да частай змены ўражанняў, лёгка і хутка адклікаецца на навакольныя падзеі, таварыскі. Эмоцыі, пераважна станоўчыя, хутка ўзнікаюць і змяняюцца. Адносна лёгка і хутка ён перажывае няўдачы. Пры неспрыяльных умовах і адмоўным выхаваўчым уплыве рухавасць можа перайсці ў адсутнасць засяроджанасці, неапраўданую паспешнасць учынкаў, павярхоўнасць.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. labillis рухомы, няўстойлівы) у фізіялогіі, функцыянальная рухавасць, уласцівасць узбудлівай тканкі ўзнаўляць без скажэння частату наносімых рытмічных раздражненняў. Тэрмін прапанаваны М.Я.Увядзенскім (1886). Мера Л. — макс. колькасць імпульсаў за 1 сек, якую фізіял. апарат (валакно, сінапс) здольны ўзнавіць пры зададзеным рытме. Адлюстроўвае час, на працягу якога тканка аднаўляе працаздольнасць пасля чарговага цыкла ўзбуджэння. Пры перавышэнні Л. ўзнікае мясц. застойнае ўзбуджэнне, якое прыводзіць да тармажэння. Неаднолькавую Л. маюць нейроны з розных абласцей нерв. сістэмы. Напр., рухальныя нейроны спіннога мозга ўзнаўляюць частату 200—300 Гц, уставачныя да 1000 Гц. У біялогіі і медыцыне Л. азначае рухомасць, няўстойлівасць, зменлівасць (напр., псіхікі, фізіял. стану, пульсу, т-ры цела і інш).

Літ.:

Голиков Н.В. Физиологическая лабильность и ее изменения при основных нервных процессах. Л., 1950.

У.​М.​Калюноў.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр. Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],

італьянскі жывапісец; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.​Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.​Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контуру, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).

Панторма. Палажэнне ў труну. 1526—28.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)