ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр. Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],

італьянскі жывапісец; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.​Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.​Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контура, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).

Панторма. Палажэнне ў труну. 1526—28.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)