Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ Ангел Іванавіч
(2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ Міхаіл Аляксеевіч
(17.9.1840, г. Ялта, Украіна — 31.1.1873),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім і Пецярбургскім ун-тах. У 1858 пазнаёміўся з М.Г.Чарнышэўскім (да 1861 быў яго асабістым сакратаром і даверанай асобай). Дэбютаваў аўтабіягр. дылогіяй «Маё дзяцінства» (1861) і «Маё юнацтва» (1862). Друкаваўся ў час. «Время», «Современник», «Русское слово», «Колокол», «Будильник» і інш.
У 1863 пераехаў у Маскву. Асн. тэмай яго творчасці стала жыццё люмпен-пралетарыяту, сац. «дна»: зб. «Маскоўскія норы і трушчобы» (т. 1—2, 1866—69, з А.І.Левітавым), «Багна» (1870).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНЕ́САЎ Рубен Іванавіч
(14.2.1902, г. Шуша, Нагорны Карабах — 1.5.1982),
рускі мовазнавец. Чл.-кар.АНСССР (1958). Д-рфілал. н. (1948), праф. (1937). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). Працы па фанетыцы і фаналогіі (адзін з заснавальнікаў Маскоўскай фаналагічнай школы), арфаэпіі і арфаграфіі, гісторыі і дыялекталогіі рус. мовы. Кіраўнік і гал. рэдактар «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1958—82). Адзін з аўтараў і рэдактараў «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971). Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана першае пасляваен. пакаленне бел. лінгвістаў.
Літ.:
Библиография трудов Р.И.Аванесова // Русское и славянское языкознание: К 70-летию Р.И.Аванесова. М., 1972;
Бірыла М.В. Р.І.Аванесаў // Бел. лінгвістыка. Мн., 1983. Вып. 22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛЕ́НСКІ Леанід Ягоравіч
(літ.псеўд.М.І.Красов; 9.3.1845—23.9.1906),
рус. філосаф, сацыёлаг. У 1860-я г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах. Супрацоўнічаў у час. «Мысль», «Русское богатство» і інш. Распрацоўваў праблемы эстэтыкі, сацыялогіі, маралі асобы і грамадскага развіцця. Лічыў, што ўяўленне пра з’явы аб’ектыўнага свету не тоесныя з аб’ектыўнай рэальнасцю; свядомая воля заўсёды матывавана. На яго думку, філасофія павінна ахопліваць і вобласць пачуццяў, і сутнасць свету; матэрыялізм і пазітывізм не задавальняюць гэтых патрабаванняў, таму што даюць толькі адзін з элементаў свету, яго матэрыяльны падмурак замест цэлага.
Тв.:
Развитие чувствований и опыт их новой классификации. Спб., 1884;
Научные основы красоты и искусства. Спб., 1902;
История мысли: Опыт критич. философии. Спб., 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ПАВА Валянціна Ігнатаўна
(н. 3.1.1923, в. Малая Чарніца Віцебскага р-на),
бел.літ.-знавец. Канд.філал. н. (1953). Скончыла Ленінградскі ун-т (1946). Удзельніца абароны Ленінграда. Выкладала польскую л-ру і курс славянскіх л-р у Ленінградскім ун-це (1949—54), рус. л-ру ў Мінскім пед. ін-це (1955—57). У 1959—86 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1952. Даследуе бел.-польскія і бел.-рус.літ. ўзаемасувязі, творчыя пытанні бел. паэзіі 20 ст.
Тв.:
Эліза Ажэшка: Жыццё і творчасць. Мн., 1969;
Зменлівае і спрадвечнае: Вопыт тыпал. даслед. бел. і пол. «вясковай прозы». Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ Улас Міхайлавіч
(17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБО́РНІКІ РУ́СКАГА ГІСТАРЫ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА»
(«Сборники Русского исторического общества»),
зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).