МАЦВЕ́ЕЎ (Яўген Сямёнавіч) (н. 8.3.1922, с. Новаўкраінка Херсонскай вобл., Украіна),

расійскі акцёр і кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Вучыўся ў кінаакцёрскай школе пры Кіеўскай кінастудыі (1940—41). З 1946 акцёр Цюменскага, Новасібірскага т-раў, у 1952—68 у Малым т-ры. Сярод роляў: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Нязнамаў, Цяляцьеў («Без віны вінаватыя», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Ніл («Мяшчане» М.Горкага) і інш. Зняўся ў фільмах «Родная кроў» (1964), «Дзеля жыцця на зямлі» (1974) і інш. Паставіў фільмы, у большасці якіх выконваў гал. ролі: «Цыган» (1967), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1979), «Асабліва важнае заданне» (1981), «Перамога» (1985), «Чаша цярпення» (1990), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999) і інш. Мастацтва М. адметнае адкрытым тэмпераментам, грамадзянскасцю, яснасцю кінамовы. Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Исаева К.М. Е.Матвеев. М., 1980.

Я.С.Мацвееў.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЧЭ́НСКАЯ (Людміла Рыгораўна) (н. 29.5.1937, с. Іванаўскае Істрынскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). Настаўнічала. З 1969 выкладае ў БДУ. Навук. працы па сацыялінгвістыцы, гісторыі рус. і бел. моў, іх узаемаадносінах. Аўтар манаграфіі «Як беларусы гавораць па-руску? Варыянты роду назоўнікаў у рускім маўленні беларусаў» (1992), шматлікіх артыкулаў.

І.К.Германовіч.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ, Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.Сматрыцкага, С. і Л.Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.

М.В.Нікалаеў, М.І.Ткачэнка.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІ́ЦКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 15.8.1927, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі. Навуковыя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі. Аўтар працы «Наша родная мова» (3-е выд., 1973). Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968, кн. карт 1969), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічных ландшафтаў Беларусі» (1995), вучэбных дапаможнікаў, у т. л. «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд., 1990), «Падручнік беларускай мовы: Для самаадукацыі» (1994). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел ў комплексе работ па бел. лінгвагеаграфіі.

Тв.:

Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979 (з А.І.Жураўскім).

І.К.Германовіч.

т. 8, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,

помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

В.А.Чамярыцкі.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЁМАН»,

штомесячны літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1945 як альманах рус. секцыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, напачатку меў назву «Отчизна», з 1947 «Советская Отчизна», з 1960 сучасная назва. Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Публіцыстыка», «Нататкі. Успаміны. Дакументы», «Учора. Сёння. Заўтра», «Мастацтва», «Кола чытання» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Друкуе творы пісьменнікаў, якія пішуць па-руску, пераклады твораў бел. і замежных пісьменнікаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, нарысы, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва.

У часопісе надрукаваны пераклады твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Чорнага, Р.Барадуліна, П.Броўхі, Я.Брыля, В.Быкава, Н.Гілевіча, А.Куляшова, А.Макаёнка, І.Навуменкі, І.Мележа, П.Панчанкі, М.Танка, І.Чыгрынава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, В.Адамчыка, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, А.Жука, В.Казько, В.Карамазава, А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Лойкі, М.Лужаніна, І.Пташнікава, А.Пысіна, А.Русецкага, Б.Сачанкі, Я.Сіпакова, А.Твардоўскага, М.Кругавых, А.Міронава, А.Платонава, В.Тараса, І.Шклярэўскага і інш.; зарубежных пісьменнікаў Р.Ваяна, П.Вежынава, К.Вонегута, Г.Гарсія Маркеса, Ж.Сіменона, У.Фолкнера і інш. Сярод перакладчыкаў І.Бурсаў, У.Жыжэнка, Р.Казакова, Н.Кіслік, П.Кошаль, Б.Спрынчан, Я.Хелемскі, В.Шчадрына, Ф.Яфімаў і інш. Гал. рэдактары: Шамякін (1952—53), М.Калачынскі (1953—54), Панчанка (1954—58), Я.Васілёнак (1958—66), Макаёнак (1966—77), Кудравец (1978—96), Жук (з 1997).

А.П.Кудравец.

т. 11, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛУ́ЖНЫ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 16.8.1935, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец.

Акад. Нац. АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989). Д-р філал. н. (1982), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у Ін-це мовазнаўства (з 1969 заг. аддзела, з 1983 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акад.-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. фанетыку і фаналогію, сучасную лексікаграфію, правапіс, культуру мовы. Аўтар прац «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), сааўт. кн. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Падручнік беларускай мовы. Для самаадукацыі» (1994), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990), зб. «Пытанні культуры пісьмовай мовы» (1991), вучэбнага дапаможніка «Фанетыка беларускай мовы» (1984), сааўтар і навук. рэдактар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985) і інш. Гал. рэдактар штогодніка «Беларуская лінгвістыка» (з 1989) і час. «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук» (з 1997).

Тв.:

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987 (у сааўт.);

Практыкум па фанетыцы беларускай мовы. Мн., 1989 (разам з А.А.Крывіцкім).

Л.В.Календа.

А.І.Падлужны.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1624—1761 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. пры езуіцкім калегіуме. Звесткі пра першапачатковы рэпертуар не выяўлены. Вядома, што 10.4.1637 тэатр публічна паставіў драму «па-польску і па-руску», у якой «выразна было прадстаўлена пакутніцтва Хрыста...». Рэпертуар т-ра ўключаў: у 1681 масленічную драму «Не каралеўская прага каралеўства» на сюжэт з гісторыі Англіі, у 1685 лац. драму «Вянок мудрасці» на сюжэт са стараж.-рым. гісторыі, у канцы 17 ст. польск. драму «Містычнае прычасце невінаватых у жалю Караля і Фрэдэрыка» з бел. інтэрмедыйнымі ўстаўкамі, у 1713 панегірык «Вянец навучальнага года» на лац. і польск. мовах, прысвечаны С.Янушэвічу, у 1715 панегірык «Жамчужына ў кароне ведаў» на лац. мове на сюжэт з твора П.Скаргі, у 1729 панегірык «Юпітэр, прыкрыты арлом» на лац. і польск. мовах, прысвечаны М.Радзівілу, у 1731 масленічную драму «Бурныя ў ап’яненні ахвяры Вакху» на лац. мове, у 1736 драму «Лацыум па-за Італіяй» на лац. мове на сюжэт з польск. гісторыі. Да пач. 1760-х г. дзейнасць т-ра прыпынілася. У 1761 паказаны 2 прадстаўленні на польск. мове: пераробка камедыі «Прытворна хворы» Мальера і трагедыя «Ушанаванне сапраўднага Бога, або Даніэль» (нап. выкладчыкам рыторыкі і паэтыкі М.Ханецкім).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 127—148;

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

В.А.Грыбайла.

т. 11, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)