Русаллі 6/203; 7/417; 9/184, 192, 545; 11/530

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́ЛЛІ,

старадаўнія вясенне-летнія святкаванні-ігрышчы і заклінальныя абрады ў славян, звязаныя з аграрнай міфалогіяй і культам продкаў. Назва паходзіць ад стараж.-рым. свята руж (Rosaria, Rosalia), прыйшла ад паўд. славян. Р. прыпадалі на перыяд росквіту расліннасці — Сёмуху і Купалле, ад гэтага месяц чэрвень наз. «русальным». Р. мелі відовішчны характар, суправаджаліся русальнымі песнямі, гульнямі, выступленнямі скамарохаў, танцамі, музыкай, пераапрананнем. Дзяўчына ў рытуальным танцы на Р. паказана на мініяцюры ў Радзівілаўскім летапісе (13 ст.). Рэшткі Р. захаваліся на Беларусі ў выглядзе абраднасці на Сёмуху і ў наступны, «русальны», тыдзень (памінанне бацькоў, завіванне бярозкі і вянкоў на Магілёўшчыне), у вераваннях пра русалку, у карагодах, а таксама ў святкаванні Купалля.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́ЛЬНЫЯ ПЕ́СНІ, граныя песні. Адносяцца да веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконваліся на заключным этапе веснавых свят і абрадаў усх. славян — на русальны, або граны, тыдзень (гл. Русаллі), звязаны са стараж. вераваннямі пра русалак. Сярод Р.п. вылучаюцца песні, што непасрэдна звязаны з русальным абрадам (адлюстроўваюць і суправаджаюць яго), і песні, тэматычна слаба звязаныя з абрадам. У песнях, як правіла, указваюцца час і месца абраду, русалкі просяць у людзей адзежу ці ваду, каб ажывіцца. Вобраз русалкі ў Р.п. не пазбаўлены супярэчнасцей, як і наогул нар. ўяўленні пра яе. З аднаго боку, яна — ахоўніца багатага ўраджаю, а з другога — шкодная істота, супраць якой засцерагаліся пры дапамозе ахоўнай магіі. Такая дваістасць вобраза — вынік узаемапранікнення нар. язычніцкіх вераванняў і хрысціянства.

Публ.: Веснавыя песні. Мн., 1979.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,

тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.​Марджанішвілі, М.​Ахлопкаў і інш.

На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.​Літвінаў, Е.​Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.​Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.

Літ.:

Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.

С.​А.​Пятровіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАМАРО́ХІ,

народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л. Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.

Літ.:

Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

Да арт. Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.
Да арт. Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)