АПЯРЭ́ННЕ самалёта,

аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.

Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОГ ((Krohg) Крысціян) (13.8.1852, Осла — 16.10.1925),

нарвежскі жывапісец. Вучыўся ў Карлсруэ (1874—75) і Берліне (1875—79). Зазнаў уплывы А. фон Менцэля і франц. імпрэсіяністаў. Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі. У 1901—09 выкладаў у акадэміі Каларосі ў Парыжы. З 1909 праф. і дырэктар АМ у Осла. Аўтар партрэтаў і жанравых карцін, якія вызначаюцца глыбокім рэалізмам вобразаў і стрыманым каларытам: «Лева руля!» (1879), «Хворая дзяўчына» (1880—81), «Суровы вецер» (1882), «Партрэт дзяўчыны» (1886), «Барацьба за выжыванне» (1888—89), партрэт А.Стрындберга (1898) і інш. Ствараў карціны-ілюстрацыі да ўласных літ. твораў («Альберціне ў паліцэйскім пастарунку», 1886—87, да рамана «Альберціне»).

В.Я.Буйвал.

К.Крог Суровы вецер. 1882.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)