РУДЭ́НКІ,

бел. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, муж. і жонка. Працуюць у тэхніцы ручнога ткацтва, батыка. Таццяна Аляксееўна (н. 22.12.1953, Тбілісі). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1976), у 1976—82 выкладала ў гэтым ін-це. Юрый Васілевіч (н. 3.10.1953, г. Віцебск). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1978). Сярод лепшых твораў: габелены «Лістапад» (1986), «Зямля» (1987), «Камета», «Трэшчына» (абодва 1990), «Цені» ад вясёлкі», «Горад Шагала», «Зацьменне» (усе 1992), «Стагоддзі», «Азёрны край» (абодва 1993); заслоны для тэатр. сцэн «Вячэрняе прадстаўленне» (1983), «Урачыстая» (1986), «Папараць-кветка» (1987), «Залацістая» (1989); батыкі «Першыя кветкі». (1981), «Бэз», «Японская акацыя» (абодва 1990), «Планета» (1991), «Усход», «Сусвет», «Белая ноч» (усе 1992), «Палявыя кветкі» (1994). Творы ў змешанай і аўтарскай тэхніцы: «Пачатак» (1988), «Хмара» (1989), «Сухія кветкі», «Зімовы сон» (абодва 1991), «Ліпеньская ноч», «Далёкі востраў», «Апошні ліст» (усе 1992), «Код жыцця» (1995). Работы вылучаюцца шырокім выкарыстаннем разнастайных традыц. і нетрадыц. матэрыялаў, спалучэннем аб’ёмаў і плоскасцей, кампазіцыйнай і колеравай выразнасцю.

Літ.:

Rudenko: [Альбом]. Б.м., 1995.

В.​В.​Шамшур.

Т. і Ю. Рудэнкі. Габелен «Трэшчына». 1990.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КВАДРА́Т»,

бел. маст. аб’яднанне ў Віцебску ў 1987—94. Створана мастакамі розных відаў, жанраў і кірункаў мастацтва (А.​Малей, М.​Дундзін, А.​Дасужаў, А.​Слепаў, В.​Чукін, В.​Шылко, В.​Шчасны, да 1990 — В.​Міхайлоўскі, Т. і Ю. Рудэнкі) як альтэрнатыва афіц. плыні ў мастацтве (т. зв. сацрэалізму). За гал. канцэпцыю дзейнасці «К.» былі ўзяты ідэі К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», права на творчы эксперымент і самаст. погляд на праблемы мастацтва. Вял. увагу аддавалі адраджэнню духоўнасці, правядзенню маст. акцый і акцый-выставак («Эксперымент», прысвечаная 110-годдзю Малевіча, 1988, Віцебск, і інш.), у т. л. сумесных з мастакамі інш. краін.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Мікалай Мікалаевіч) (8.8.1895, С.-Пецярбург — 26.3.1963),

рускі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1921). З 1921 уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Першая аповесць — «Ірвотны форт» (1922). Зборнікі нарысаў, апавяданняў, аповесцей «Камяні» (1922), «Бунт» (1923), «З алоўкам у руцэ» (1926), «Лірычная зямля» (1927) адметныя «арнаментальнасцю» стылю, пошукамі арыгінальнай формы. Уражанні ад паездкі па Еўропе ў зб. «Цяпер на Захадзе. Берлін — Рур — Лондан» (1924). Раман «Паўночная Аўрора» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) пра барацьбу з інтэрвентамі на Поўначы ў 1918—19. Аўтар раманаў «Злачынства Кірыка Рудэнкі» (1927), «Гэта пачалося ў Какандзе» (1939), аповесці «Пагаворым пра зоркі» (1934), п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў-успамінаў пра М.​Горкага, А.​Талстога і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1968;

Северная Аврора. М., 1986.

т. 11, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,

раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.​Р.​Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст. Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.​Эмбдэн, О.Меергоф, О.​Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, амер. А.​Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.​Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).

На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.​П.​Цітаўца, А.​М.​Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.​М.​Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.​І.​Фрадкін, Н.​Г.​Аверына, А.​Б.​Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)