Рудзенск (г. п.) 1/211 (к.); 5/11; 6/172, 285; 7/227; 8/332; 9/165; 11/202

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рудзенск

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРЫ́ЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Вузлянскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса «Перамога». За 35 км на З ад Мар’інай Горкі, 50 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 318 ж., 131 двор (1995). Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНЭ́КА (Валерый Сяргеевіч) (н. 29.11.1951, г.п. Рудзенск Мінскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1971), Мінскі ін-т культуры (1988). З 1972 у Бел. філармоніі, з 1977 у ансамблі «Песняры», у 1993—96 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. З 1997 выкладае ў мінскім Ін-це сучасных ведаў. У канцэртным рэпертуары творы сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: А.​Пахмутавай, І.​Лучанка, Л.​Захлеўнага, У.​Мулявіна, В.​Іванова, Дз.​Даўгалёва, А.​Елісеенкава на словы бел. паэтаў.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЫ́КА (Іван Васілевіч) (1894, в. Гатава Мінскага р-на — 1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. Скончыў нар. вучылішча. Працаваў на ліцейным заводзе, служыў мараком на Балт. флоце. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Зах. фронце, дзе трапіў у палон да немцаў. У час ням. акупацыі 1918 удзельнічаў у падп. баявой арг-цыі. У час польск. акупацыі са студз. 1920 узначаліў спец. падрыўны партыз. атрад на радзіме, які пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны на ўчастках чыг. Міханавічы—Рудзенск і Замір’е—Пагарэльцы. Загінуў у баі.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав. ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.

Базавая школа, б-ка.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Яўген Мікалаевіч) (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.​Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.​Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.

А.​І.​Калядэнка.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗЕ́ЛЬКА (Іван Фадзеевіч) (12.12.1891, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1914 у арміі, з сак. 1918 у Чырв. Арміі. З чэрв. 1992 працаваў на чыгунцы ў Мінску і Жлобіне. З 1925 сакратар Гарадоцкага, Глускага райкомаў КП(б)Б, старшыня Глускага райвыканкома, нам. старшыні Бабруйскага акрвыканкома. З 1930 старшыня Мазырскай акр. кантрольнай камісіі, сакратар Мазырскага РК КП(б)Б, сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзелаў ЦК КП(б)Б. У 1935—37 нарком фінансаў БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1935—37. Чл. ЦВК БССР у 1927—29, 1931—37 і яго Прэзідыума ў 1935—37. Арыштаваны ў 1937 па справе ўдзелу ў «аб’яднанай контррэвалюцыйнай дыверсійна-шкодніцкай шпіёнскай арганізацыі». 28.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Я.​С.​Фалей.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.​Віеру «Імя тваё» (1986).

І.​У.​Саламевіч.

Т.М.Бондар.

т. 3, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУКО́РА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач, на аўтадарозе Мінск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 38 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 1429 ж., 596 двароў (1997).

У 16 ст. ў складзе маёнтка Бакшты ў Мінскім пав., належала Кезгайлам, Служкам, Агінскім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 складалася з мястэчка і сяла, мела царкву, яўр. школу, будаваўся мураваны касцёл (у 1864 ператвораны ў правасл. царкву), праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1-й пал. 19 ст. існавала Дукорская сядзіба. З 1861 цэнтр воласці, у 1881 мястэчка злілося з сялом, 842 ж. У 1919—20 непадалёку ад Д. дзейнічаў партыз. атрад (гл. Дукорскія партызаны). У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Смілавіцкім, Пухавіцкім, Рудзенскім, з 1960 у Пухавіцкім р-нах. У 1970 у Д. 2258 ж., 797 двароў.

Філіял Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага з-да, дрэваапр. цэх, пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік дукорскім партызанам, якія загінулі ў 1920. Радзіма дзярж. дзеяча А.Р.Чарвякова. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)