РА́КАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Як ганчарны цэнтр Ракаў вядомы з сярэдневякоўя. Тут выраблялі гасп. посуд, аздоблены выціснутым арнаментам ці ангобнай размалёўкай, а таксама кафлю з рэльефным малюнкам рэнесансавага, барочнага, класіцыстычнага характару, з канца 19 ст. ў стылі мадэрн. Найб. развіцця Р.к. дасягнула ў 19 — пач. 20 ст. (працавала больш за 100 ганчароў). Паводле памераў і аб’ёмаў гасп. посуд меў пэўныя назвы; цацкавы (аб’ёмам да 0,5 л), смятанкавы (1 л), рублёвы (2 л), квартавы (3 л), паўгарцавы (4—5 л), гарцавы (10 л), двухгарцавы (20 л), васьміквартавы, ці пакавы (больш за 20 л). Посуд пластычных акруглых форм звонку і ўнутры звычайна пакрывалі празрыстай палівай, у 1920—30-я г. нярэдка аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай расл. характару. Да канца 19 ст. бытаваў і чорнаглянцаваны посуд. Сярод вырабаў дэкар. керамікі — талеркі з пажадальнымі надпісамі, букетнікі, чарнільныя прыборы, попельніцы, фігурныя пасудзіны ў выглядзе бараноў, мядзведзяў, ільвоў, дзіцячыя цацкі. Наіўна-рэаліст. трактоўкай вызначаецца дробная пластыка 1920—30-х г. у выглядзе коннікаў, паненак, кавалераў у характэрным адзенні, з муз. інструментамі ці букетамі ў руках. З 1939 працавала арцель «Чырвоны ганчар», у 1945 — канцы 1950-х г. — «3-га ліпеня», якія выпускалі гасп. посуд нешырокага асартыменту і гладкую тэракотавую кафлю.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Ракаўская кераміка. Цацкі «Коннікі». 1930-я г.
Да арт. Ракаўская кераміка. Міска. 1930-я г.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)