Нацыянальны саюз Руанды 9/158

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КІГА́ЛІ (Kigali),

горад, сталіца Руанды. Адм. ц. прэфектуры Кігалі. Засн. ў 1908. 234,5 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр (буйн. раг. жывёла, скурасыравіна, кава). Прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, з-ды піваварны і безалкагольных напіткаў), гарбарна-абутковай і тэкст. прам-сці; мэблевая, запалкавая ф-кі, з-д метызаў і металаканструкцый, аўтарамонтныя майстэрні. Рамесніцкая апрацоўка скур, выраб абутку, керамікі, адзення, прадметаў хатняга ўжытку.

т. 8, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВУ (Kivu),

возера ва Усх. Афрыцы, на мяжы Дэмакр. Рэспублікі Конга і Руанды. Пл. 2,7 тыс. км² (з астравамі). Даўж. каля 100 км. Глыб. да 496 м. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне, на выш. 1460 м. Берагі стромкія, моцна парэзаныя, больш за 150 астравоў. Паходжанне возера звязана з выліваннем лавы (з групы вулканаў Вірунга), якая перакрыла сцёк старажытнай рачной сістэмы. У паўн. ч. возера назіраюцца падводныя вывяржэнні. На глыб. ніжэй за 270 м у раствораным стане шмат вуглякіслага газу і метану, якія ўтвараюць радовішчы прамысл. значэння. Сцёк у воз. Танганьіка па р. Рузізі. Раён возера ўваходзіць у склад нац. парку Вірунга, уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Суднаходства. Турызм. Гал. парты і прыстані: Букаву і Гома (Дэмакр. Рэспубліка Конга), Кібуе і Ч’янгугу (Руанда). Адкрыта ням. падарожнікам А. фон Гётцэнам у 1894.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),

рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс. км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс. км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс. м³/с, макс. — да 15 тыс. м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн. м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял. эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн. га у Егіпце і каля 1,1 млн. га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс. км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл. Егіпет Старажытны).

Рака Ніл каля Вышыннай Асуанскай плаціны.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)