Роўнасць (матэм.) 4/588

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

суадносіны ўзаемнай замяняльнасці аб’ектаў, якія з прычыны наяўнасці такой замяняльнасці і лічацца роўнымі. Р. 2 аб’ектаў a і b (функцый, лікавых або літарных выразаў, элементаў мностваў і інш.) запісваецца ў выглядзе a = b, дзе матэм. знак «=» наз. знакам Р. Напр.: 10 + 6 = 2​4; (a ± b)​2 = a​2±2ab + b​2; sin2α = 2sinαcosα. Асн. ўласцівасці Р.: рэфлексіўнасць (кожны аб’ект роўны самому сабе — a = a); сіметрыя (калі a = b, то b = a); транзітыўнасць (калі a = b і b = c, то a = c). Гл. таксама Тоеснасць у матэматыцы, Ураўненне.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Роўнасць сацыяльная 9/156—157

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Экстэнсіянальная роўнасць (у логіцы) 3/187

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,

паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац. справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.

Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.

Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, В.​Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).

Літ.:

Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тоеснасць,

гранічная роўнасць аб’ектаў.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тоеснасць,

роўнасць двух аналітычных выразаў у матэматыцы.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА..., ГОМА... (ад грэч. homos роўны, аднолькавы, узаемны, агульны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае падабенства, роўнасць, аднароднасць, напр., гамафонія, гомазіготнасць.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНЕА́РНЫЯ ВЕ́КТАРЫ,

вектары, якія ляжаць на адной прамой ці на паралельных прамых. Умовай калінеарнасці двух вектараў з’яўляецца роўнасць нулю іх вектарнага здабытку.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЛАНА́РНЫЯ ВЕ́КТАРЫ,

вектары, якія ляжаць у адной плоскасці ці ў паралельных плоскасцях. Умовай кампланарнасці трох вектараў з’яўляецца роўнасць нулю іх змешанага здабытку.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)