РО́ТАР (ад лац. roto вярчуся) у тэхніцы, вярчальная частка ротарных машын. Робіцца ў выглядзе барабанаў, дыскаў, колаў.

На Р. размяшчаюць органы, якія атрымліваюць энергію ад рабочага цела (як у рухавіку Ванкеля) або аддаюць яе рабочаму целу (як у ротарнай помпы). Р. рухавікоў звязаны з вядучым валам, рабочых машын — з прывадным. У лапатачных, ці лопасцевых, машынах Р. — кола з лапаткамі, якое пад дзеяннем патоку вадкасці, пары ці газу круціць вал машыны; Р. вентылятара, кампрэсара, помпы вярчэннем вала стварае паток газу ці вадкасці. Р. пераменнага току машыны — цыліндрычнае цела з пазамі для размяшчэння абмоткі, магн. поле якой узаемадзейнічае з магн. полем статара. Р. асінхронных машын бываюць фазныя і каротказамкнёныя. сінхронных машын — яўна- і неяўнаполюсныя. Р. машыны пастаяннага току наз. якарам. У буравых устаноўках Р. выкарыстоўваецца для вярчэння бурыльных труб у свідравіне.

Ротар сінхроннага электрарухавіка (кампенсатара) магутнасцю 60 МВт.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ротар (матэм.), гл. Віхар вектарнага поля

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ротар (механічны) 1/606; 3/424; 5/364; 9/155

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ротар (эл. машыны) 1/511 (іл.), 512; 3/468; 5/252; 9/155

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вінтавы ротар 11/347

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ротар А. 2/245, 255; 8/441, 502

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТАР ВЕ́КТАРНАГА ПО́ЛЯ, віхар вектарнага поля, вектарная велічыня, якая характарызуе вярчальную ўласцівасць вектарнага поля, зададзенага адпаведнай вектар-функцыяй a→ = a→ ( x , y , z ) . Абазначаецца rota→ або curlá, rotá = √∇xa = ( ∂az ∂y − ∂ay ∂z ) i→ + ( ∂ax ∂z − ∂az ∂x ) j→ + ( ∂ay ∂x − ∂ax ∂y ) k→ , дзе ∇ = i→ ∂ ∂x + j→ ∂ ∂y + k→ ∂ ∂z — аператар Гамільтана (аператар набла); i→, j→, k→ — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат; ax, ay, az — праекцыі вектарнага поля a→ ( x , y , z ) на адпаведныя восі каардынат. Паняцце Р.в.п. выкарыстоўваецца ў механіцы, фізіцы, метэаралогіі і інш. Гл. таксама Поля тэорыя.

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ХАР ВЕ́КТАРНАГА ПО́ЛЯ,

гл. Ротар вектарнага поля.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,

машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш. Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз. аўтам. ротарнай лініяй.

У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.​Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл. Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш. меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл. Снегаўборачныя машыны).

У.​М.​Сацута.

Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

асінхронная машына, якая працуе ў рухальным рэжыме. Частата вярчэння Асінхроннага электрарухавіка рэгулюецца зменай ліку пар полюсаў, частаты сілкавальнага току, супраціўлення ў ланцугу ротара, а таксама каскадным уключэннем некалькіх машын. Напрамак вярчэння асінхроннага электрарухавіка мяняюць пераключэннем любых дзвюх фазаў абмоткі статара. Асінхронныя электрарухавікі выкарыстоўваюцца як асн. рухавікі ў электрапрыводзе. Магутнасць ад некалькіх ват да дзесяткаў мегават.

Асінхронны электрарухавік: а — статар; б — каротказамкнёны ротар; в — фазавы ротар; 1 — станіна; 2 — наборны магніта-правод; 3 — абмотка; 4 — вал; 5 — кантактавыя кольцы.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)