Ролік А. К. 9/555; 12/173

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт. алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.

Алмазны інструмент: 1 — адразная піла; 2 — буравая каронка; 3 — правільны ролік прамога профілю; 4 — правільны ролік фасонны; 5 — правільны аловак; 6 — правільны ролік фасонны многаручаёвы.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НКЕР (ням. Anker літар. якар),

1) дэталь гадзіннікавага механізма (вагальная вілка) — прамежкавае звяно паміж маятнікам ці балансірам (у залежнасці ад тыпу гадзінніка) і спускавым колам. Забяспечвае раўнамерны ход гадзіннікавага механізма.

2) Дэталь для змацавання частак збудаванняў або машын (напр., анкерная пліта, анкерны болт і інш.).

Да арт. Анкер. Анкерны ход гадзінніка: 1 — імпульсны камень; 2 — падвойны ролік; 3 — анкер, ці анкерная вілка; 4 — палеты, ці штыфты, анкера; 5 — анкернае кола.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны і абсталяванне, якія выконваюць розныя тэхнал. аперацыі апрацоўкі драўніны або драўняных матэрыялаў. Падзяляюцца на дрэварэзальныя станкі (аснашчаюцца розным дрэварэзальным інструментам), гнутарныя, зборачныя, для нанясення клею, аддзелачныя станкі і прэсы.

На гнутарных станках загатоўкам надаюць пэўную форму без парушэння сувязей паміж часцінкамі драўніны (выгінаннем па шаблоне, з прапарваннем і праварваннем, з наступнай сушкай у замацаваным становішчы). Зборачныя станкі выкарыстоўваюць для злучэння (шыпамі, шрубамі, цвікамі і інш.) дэталей у вузлы і гатовыя вырабы (зборка рамак, корпусных вырабаў і інш.; гл. Шчытазборачныя станкі). Станкі для нанясення клею аснашчаюць клеемяшалкамі, упырсквальнымі механізмамі, клеенамазвальнымі вальцамі і інш. На аддзелачных станках рыхтуюць паверхню вырабаў (грунтуюць, шпаклююць, наносяць фарбу і тэкстурны рысунак), наносяць лакафарбавыя матэрыялы, шліфуюць і аздабляюць паверхню, робяць плёначныя і дэкар. пакрыцці. На прэсах вырабляюць шматслойную фанеру, драўнянастружкавыя пліты і інш. У дрэваапрацоўчай прамысловасці карыстаюцца таксама агрэгатнымі станкамі, станкамі-аўтаматамі і паўаўтаматамі, аўтам. і паўаўтам. станочнымі лініямі. Рабочыя органы Д.м. падзяляюцца на галоўныя (выконваюць прыёмы, якія вызначаюць працэс апрацоўкі, напр. рэзанне, падачу) і дапаможныя (выконваюць функцыі базіравання, напрамку, фіксацыі, пагрузачна-разгрузачныя, кантрольныя і інш.).

Літ.:

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.А.Барташэвіч.

Схемы дрэваапрацоўчых машын: а — даўбёжных станкоў (ланцуговафрэзернага і з гнездавой фрэзай); б — драбільных станкоў; в — шліфавальнага цыліндрычнага станка; г — гнутарнага станка (1 — шаблон, 2 — дэталь, 3 — шына, 4 — прасавальны ролік); д — вальцоў для нанясення клею (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць клей 3 на дэталь 4); е — прэса (1 — матрыца, 2 — пуансон, 3 — дэталі, якія склейваюцца); ж — вальцовага станка для нанясення лаку (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць лак на дэталь 3); з — лаканаліўной машыны (1 — транспарцёры, 2 — дэталь, 3 — лаканаліўная галоўка, 4 — слой лаку, 5 — лаказліўны латак).

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКЛІ́П,

жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.Кэры (ЗША), М.Вейш (Германія), Э.Дыянісіюш (Аўстралія), С.Джонсан (Вялікабрытанія), М.Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.Гатоўскі, Г.Шувагін, С.Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.

В.М.Мартыненка.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)