Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Р (Bonnard) П’ер (3.10.1867, Фантэнэ-о-Роз, дэп. О-дэ-Сен, Францыя — 23.1.1947),
французскі мастак. У канцы 1880-х г. вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Чл. групы «Набі», зазнаў уплыў П.Гагена і яп. гравюры. Яго пейзажы, быт. сцэны, інтэр’еры, ню і нацюрморты, звязаныя з дэкаратыўнасцю позняга імпрэсіянізму, адметныя лірычнай сузіральнасцю, надзвычайнай вытанчанасцю каларыту: «Пачатак вясны (Маленькія фаўны)» (1903—04), пано «Восень. Збор садавіны» (1912), «Аголеная ў ванне» (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРСО́ЦКІ Віктар Іванавіч (н. 27.6.1923, Мінск),
бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). На пед. рабоце з 1951 (у 1952 арганізаваў выяўл. студыю ў школе № 75 г. Мінска). У 1962—72 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў рэаліст. манеры пераважна ў жанры пейзажа. Яго творы вызначаюцца выразным каларытам, кампазіцыйнай стройнасцю, лірызмам. Сярод работ: «Аўтастрада», «Гарадскі пейзаж» (1950-я г.), «Хатынь. Рэквіем», «Мой Мінск» (1960-я г.), «Лондан ноччу», «Дарогі Міншчыны», «У Варшаве, 17 студзеня 1945 г.», «Возера Нарач», «Парыж. Вуліца Мары Роз», «Над Свіслаччу цішыня» (1970-я г.), «Перад паводкай», «Рэха», «Варшава — горад, які я вызваляў», «Раніца Фларэнцыі», «Прага. Плошча», «Паланэз», «Нёман скрозь стагоддзі», «Рэха» (1980-я г.), «Край лясоў і азёр», «Вясна. Стары Магілёў», «Залаты надвячорак», нацюрморт «Ружы» (1990-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЕ САМО́А (англ. Eastern Samoa),
уладанне ЗША у Ціхім ак., на ўсх. астравах архіпелага Самоа. Пл. 199 км². Нас. 65,4 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца таксама самаанская. Адм. ц. — Пага-Пага (каля 3 тыс.ж.) на в-ве Тутуіла. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — Дзень Сцяга (17 крас.).
Прырода. У.С. ўключае а-вы Тутуіла (137 км²), Мануа, Аунуу, атолы Роз і Суэйнс. В-аў Тутуіла заняты невысокімі гарамі (да 652 м), якія стромка абрываюцца да акіяна. Схілы гор парэзаны глыбокімі далінамі. Усе астравы акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны, пасатны. Вылучаюцца 2 сезоны: сухі зімовы і вільготны летні. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Аладкаў 2000—3000 мм за год. Рэкі і ручаі цякуць па схілах гор, многія не дасягаюць узбярэжжа. Масівы вільготных трапічных лясоў з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі і эпіфітамі займаюць каля 70%. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — самаанцы (89%), народ палінезійскага паходжання. Жывуць таксама танганцы (4%), карэйцы, кітайцы, амерыканцы. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (50%) і католікі (20%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 329 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены в-аў Тутуіла. Натуральны прырост 2,2%. Населеныя пункты невялікія.
Гісторыя. Гісторыю У.С. да 1899 гл. ў арт.Заходняе Самоа. З 1899 уладанне ЗША, з 1922 «недалучаная тэрыторыя» ЗША, да 1951 пад кіраваннем міністэрства ВМФ. У 1948 створаны мясц.заканад. савет. У 1967 прынята канстытуцыя, у 1977 мясц. насельніцтва атрымала права выбару губернатара У.С.
Гаспадарка. Эканоміка У.С. арыентавана на ЗША. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 складаў 2,6 тыс.дол. на 1 чал. Аснова эканомікі — рыбаперапр. і рыбакансервавая прам-сць (занята 34% працаздольнага насельніцтва), вытв-сць копры. Рыбу пастаўляюць пераважна амер., тайваньскія і паўднёвакарэйскія прамыславікі, мясц. рыбакі — невял. ч. ўлову. Вырабляюцца таксама мясныя кансервы. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 100 млн.кВт∙гадз. Невял. здабыча пемзы. Развіты рамёствы. Плантацыі какосавай пальмы. На мясц. патрэбы вырошчваюць бананы, тара, ямс, цукр. трыснёг, батат, кукурузу, ананасы, цытрусавыя, каву, тытунь і інш. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней (7,6 тыс. галоў) і птушак (27,4 тыс. галоў). Лоўля рыбы (пераважна тунца), крабаў, малюскаў. Транспарт марскі і аўтамабільны. Гал. порт — Пага-Пага. Даўж. аўтадарог 350 км. Міжнар. аэрапорт Тафуна (каля Пага-Пага). Экспарт (313 млн.дол., 1996) рыбных кансерваў (98%), копры. Імпарт (471 млн.дол., 1996) матэрыялаў для кансервавання, харчавання, нафтапрадуктаў, машын і запчастак. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Новая Зеландыя, Аўстралія, Фіджы. У Пага-Пага буйнай ваенна-марская база ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.