Рознасць (матэм.) 1/120

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНАСЦЬ у матэматыцы,

вынік аднімання лікаў, вектараў, матрыц і інш. Р. арыфметычнай прагрэсіі — пастаянны лік, які дадаецца да папярэдняга члена прагрэсіі, каб атрымаць наступны. Р. мностваў A і B — сукупнасць (мноства) членаў мноства A, якія не ўваходзяць у мноства B.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рознасць патэнцыялаў 3/157; 7/389; 11/432

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кантактавая рознасць патэнцыялаў 5/391; 9/5

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ электрастатычных,

фізічная велічыня, якая вызначаецца праз значэнні патэнцыялу электрастатычнага поля ў розных пунктах поля. Р.п. паміж двума пунктамі стацыянарнага электрастатычнага поля вызначаецца формулай: U = φ1 − φ2 = A/q, дзе A — работа, якая выконваецца сіламі поля пры перамяшчэнні дадатнага зараду q з пункта з большым патэнцыялам q1 у пункт з меншым патэнцыялам q2. Змена патэнцыялу φ = φ2 − φ1 = -U. Адзінка Р.п. у СІ — вольт. Гл. таксама Напружанне электрычнае.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

метад вымярэнняў, пры якім вызначаюць рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай фіз. велічынёй, якая ўзнаўляецца з дапамогай меры. Выкарыстоўваецца пры праверцы сродкаў вымярэнняў, выпрабаванні матэрыялаў і вырабаў (параўнанне іх з узорнымі). Д.м.в. ператвараецца ў нулявы метад вымярэнняў, калі рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай даводзяць да нуля.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛЬДА (ад італьян. saldo разлік, рэшткі),

рознасць паміж грашовымі паступленнямі і расходамі за пэўны перыяд. У бухгалтарскім уліку С. — рознасць паміж сумамі па дэбету і крэдыту рахункаў. Дэбетовае С. (дэбет большы за крэдыт) паказвае велічыню рэшткаў гасп. сродкаў, крэдытавае (крэдыт большы за дэбет) — стан крыніц гасп. сродкаў. У бухгалтарскім балансе рахункі з дэбетовым С. складаюць актыў, з крэдытавым — пасіў. У міжнар. гандлі С. — рознасць паміж сумай экспарту і імпарту або сумай патрабаванняў і абавязацельстваў. У гандл. балансе станоўчае С. — перавышэнне экспарту над імпартам, адмоўнае — перавышэнне імпарту. У плацежным балансе станоўчае С. — перавышэнне агульнай сумы паступленняў краіны над яе плацяжамі інш. краінам, адмоўнае — перавышэнне плацяжоў краіны над яе паступленнямі з інш. краін.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ТА ВЫ́ХАДУ,

энергія, неабходная для выдалення электрона з цвёрдага цела ці вадкасці ў вакуум. Вызначае меру сувязі электрона з кандэнсаваным асяроддзем і з’яўляецца асн. характарыстыкай паверхні правадніка ці паўправадніка. Для цвёрдага цела залежыць ад яго матэрыялу, будовы паверхні, наяўнасці на ёй чужародных атамаў, напружанасці знешняга эл. поля (гл. Шоткі эфект) і вызначае заканамернасці электроннай эмісіі з гэтай паверхні. Рознасць Р.в. для двух праваднікоў ці паўправаднікоў вызначае кантактную рознасць патэнцыялаў паміж імі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦО́ТНЫЯ І НЯЦО́ТНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

функцыі, якія не змяняюць свайго значэння (цотныя функцыі) ці мяняюць знак (няцотныя функцыі) пры змене знаку аргумента. Напр., функцыі y = sin x, y = x, y = x​3 — няцотныя функцыі, y = cos x, y = x​2 — цотныя. Сума і рознасць няцотных функцый — няцотныя функцыі, здабытак і дзель — цотныя; сума, рознасць, здабытак і дзель цотных функцый — цотныя функцыі. Графік цотнай функцыі сіметрычны адносна восі Oy, няцотнай — адносна пачатку каардынат.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)