Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ХТЭР (Святаслаў Тэафілавіч) (20.3.1915, г. Жытомір, Украіна — 1.8.1997),
расійскі піяніст. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1975). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1937—46, з перапынкамі; кл. Г.Нейгаўза). З 1934 канцэртаваў. У 1970—90-я г. неаднаразова гастраліраваў на Беларусі. Для яго выканальніцтва характэрны спалучэнне інтэлектуальнага і эмац. пачаткаў, артыстычнасці і майстэрства, бездакорнага густу і віртуознасці, бліскучае тэхн. майстэрства, багацце гукавога каларыту, цэльнасць і яснасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары вылучаліся «Добра тэмпераваны клавір» І.С.Баха, санаты і канцэрты В.А.Моцарта, І.Гайдна, Л.Бетховена, Ф.Шуберта, музыка кампазітараў 20 ст., у т. л. С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча. Выступаў у ансамблі з вядучымі інструменталістамі (Ю.Башметам, А.Каганам, Д.Ойстрахам, М.Растраповічам, Д.Шафранам) і вакалістамі (Н.Дарліяк, Дз.Фішэр-Дзіскаў), буйнейшымі арк. свету. Заснавальнік Міжнар. фестывалю «Снежаньскія вечары» (1981). Дзярж. прэмія СССР 1950. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэміі Расіі 1987, 1996.
Літ.:
Дельсон В.Ю. Святослав Рихтер. М., 1961;
Нейгаўз Г. Размышления, воспоминания, дневники. Избранные статьи. Письма к родителям. 2 изд.М., 1983;
Цыпин Г.М. С.Рихтер: Творч. портрет. 3 изд. М., 1987;
Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕПТЫЦЫ́ЗМ (франц. scepticisme ад грэч. skeptikos які разглядае, даследуе),
філасофская пазіцыя, якая характарызуецца сумненнем у існаванні якога н. надзейнага крытэрыя ісціны. Заснавальнікам С. як філас. дактрыны лічыцца стараж.-грэч. філосаф Пірон (каля 365—275 да н.э.), сістэматызаваў такія погляды Секст Эмпірык. У сярэдневякоўі С. выступаў як сінонім вальнадумства, форма крытыкі царк. догматаў (напр., твор П.Абеляра «Так і не так»). У 16—18 ст. ідэі С. былі накіраваны супраць сярэдневяковай схаластыкі (М. дэ Мантэнь, П.Шарон, П.Бейль і інш.). У філасофіі Д.Юма, І.Канта ён прымаў такую форму, якая прыводзіла да агнастыцызму. С. грунтуецца на розных тэарэт. перадумовах. Імі могуць быць або сумненне ў надзейнасці пачуццёвага пазнання, або перабольшванне значэння факта адноснасці (незавершанасці, зменлівасці) чалавечых ведаў. У апошнім выпадку С. з’яўляецца рэакцыяй на дагматызм абстрактных філас. пабудоў, што праявілася ў філасофіі Юма, Канта, пазітывістаў (А.Конта, Г.Спенсера). У звычайным сэнсе С. — гэта настрой, псіхічны стан няўпэўненасці, якія арыентуюць на ўстрыманне выказваць якія-н. катэгарычныя меркаванні.
Літ.:
Рихтер Р. Скептицизм в философии: Пер. с нем. Т. 1. СПб, 1910;
Лосев А.Ф. Культурно-историческое значение античного скептицизма и деятельность Секста Эмпирика // Секст Эмпирик. Соч.М., 1975. Т. 1;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000.