МІКУ́ЛІК (Мікалай Аляксандравіч) (н. 26.3.1932, в. Зарэчча Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыкладной матэматыкі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у БПА (з 1975 заг. кафедры). Навук. працы па матэм. мадэліраванні вагальных працэсаў складаных дынамічных сістэм з рэактыўнымі звёнамі і разліку іх нагрузачных рэжымаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Динамические системы с реактивными звеньями. Мн., 1985;

Решение технических задач по теории вероятностей и математической статистике. Мн., 1991 (разам з Г.​М.​Рэйзінай);

Прикладная математика: В 2 ч. Ч. 1. Мн., 1998 (разам з Г.​І.​Лебедзевай).

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,

від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.

Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступені ax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x​2 − Ay​2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. x​n + y​n + z​n не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.​Вайлс, Р.​Тэйлар, ЗША, 1995).

Літ.:

Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,

геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.

Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.

На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

перм, геалагічная 6-я сістэма палеазойскай эратэмы (эры). Адпавядае 6-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 280 млн. г. назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. геолагам Р.​І.​Мурчысанам (1841). Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі) — ніжні і верхні (ранняя і позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — асельскі, сакмарскі, арцінскі, кунгурскі (ніжні аддзел), уфімскі, казанскі, татарскі (верхні аддзел). На Беларусі вылучаны мясцовыя світы і падсвіты. У пермскі перыяд у выніку заканчэння герцынскай складкавасці ў Паўн. паўшар’і ўтварыўся звышкантынент Лаўразія, на Пд павялічылася плошча звышкантынента Гандвана. Марскі рэжым існаваў паміж гэтымі кантынентамі (акіян Тэціс), а таксама ў межах Усходне-Азіяцкай і Кардыльерскай геасінклінальных абласцей.

Арган. свет характарызуецца ўзмацненнем ролі наземных жывёл і расліннасці. На сушы панавалі насякомыя, пазваночныя (стэгацэфалы, паўзуны), наземныя расліны, пераважна прадстаўнікі голанасенных — хвойныя, цыкадавыя і гінкгавыя. У морах жылі фарамініферы (пераважна фузулініды). брахіяподы, галаваногія (ганіятыты, цэратыты) і 2-створкавыя малюскі, астракоды, канадонтаносьбіты, акулы, былі характэрны імшанкі і каралы, якія ўтваралі рыфавыя пабудовы. У канцы пермскага перыяду вымерлі многія жывёлы — фузулініды. трылабіты, 4-прамянёвыя і табулятаморфныя каралы. некаторыя групы малюскаў, брахіяпод, імшанак, рыб. У раслінным свеце зніклі дрэвападобныя дзеразовыя і членістасцябловыя, кардаітавыя. Пашыраны кантынентальны рэжым спрыяў утварэнню чырванаколерных тэрыгенных адкладаў, намнажэнню магутных тоўшчаў солей (Верхнякамскі, Прыкаспійскі, Сярэднееўрапейскі, Дэлаварскі і інш. басейны), вуглёў (Пячорскі, Кузнецкі, Тунгускі і інш. басейны), нафты і газу (Персідскага заліва, Цімана-Пячорскі. Волга-Уральскі, Цэнтральнаеўрапейскі і інш. басейны), фасфарытаў (Скалістыя горы ў ЗША) і інш.

На Беларусі адклады П.с. (п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне магутнасцю да 800 м (чырванаколерныя пясчанікі, алеўраліты, гліны, даламіты, гіпсы, ангідрыты — прудкоўская світа асельскага яруса; аргіліты, мергелі, каменная і калійныя солі — свабадская світа сакмарскага яруса; страката- і чырванаколерныя гліны, пясчанікі і інш. — дудзіцкая світа татарскага яруса), у Падляска-Брэсцкай упадзіне магутнасцю да 50 м (пясчанікі і гравеліты — ясінаўская світа уфімскага яруса; вапнякі і даламіты з рэшткамі фарамініфер, астракод, брахіяпод — камянецкая світа казанскага яруса) і на паўн.-зах. схіле Беларускай антэклізы магутнасцю да 30 м (алеўрыты і пясчанікі — пярлойская світа арцінскага яруса; вапнякі, даламіты, гліны з рэшткамі марской фауны — новаакмянская світа казанскага яруса). З пермскімі адкладамі звязаны паклады каменнай і калійных солей, праяўленні медзі, рэдкіх і рассеяных элементаў.

Літ.:

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы 1988 г.: Пермская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 12, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.

2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.​Лок, А.​Сміт, І.​Бентам (Вялікабрытанія), Ш.​Мантэск’ё, Б.​Канстан, Ф.​Гізо (Францыя), І.​Кант, В.​Гумбальт (Германія), Т.​Джэферсан, Дж.​Медысан, Б.​Франклін (ЗША), С.​Я.​Дзясніцкі, А.​П.​Куніцын, А.​М.​Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. Палітычны Л. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Эканамічны Л. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.

У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльны Л., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.​Міль, Г.​Спенсер, Дж.​Кейнс, К.​Попер, Дж.​Хобсан (Вялікабрытанія), А.​Таквіль (Францыя), Г.​Альберт, Г.​Зімель (Германія), Дж.​Голбрэйт, Р.​Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.​М.​Спяранскі, У.​С.​Салаўёў, П.​Б.​Струвэ, Б.​М.​Чычэрын (Расія) і інш. Асн. прынцыпы сац. Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.

На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, А.​Волан, К.​Нарбут, Ф.​Савіч, М.​К.​Судзілоўскі, І.​Страйноўскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.​Віткевіч, І.​Мятлін, А.​Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.​Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, А.​Смоліч, М.​В.​Доўнар-Запольскі, В.​Іваноўскі, І.​Канчэўскі, А.​Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.

Літ.:

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ. М., 1962;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр. М., 1992;

Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;

Manning D. Liberalism. London, 1976;

Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)