РАЎКО́ (Баўтрук) Зарына Уладзіміраўна

(6.9.1956, Мінск — 25.2.1997),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працавала ў галіне маст. керамікі. Сярод твораў: дэкар. пластыка для Палаца культуры ў г. Барысаў (1981), афармленне вестыбюля загса Цэнтр. р-на Мінска (1985—87), Дома творчасці Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі ў в. Астрашыцкі Гарадок (1986—88), рэстарана «Заслаўе» (1995; абодва ў Мінскім р-не); дэкар. набор (1977); кампазіцыі «Змярканне» (1985), «Зімовы дзень» (1986), «Блакітны дзень» (1987), «Паводка» (1990), «Зебры» (1993), «Дом» (1995); серыя дэкар. чайнікаў (1994), вазы «Пейзаж» (1988), «Адвечнае» (1993), «Падарожжа ў Кітай» (1995). Творы вылучаюцца пластычнасцю, актыўным узаемадзеяннем колеру з аб’ёмам, кампазіцыйнай завершанасцю, багатым выкарыстаннем тэхн. прыёмаў.

Л.​Ф.​Салавей.

З.Раўко. Дэкаратыўны набор. 1977.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЯ (Таццяна Антонаўна) (14.12.1946, Мінск — 9.6.2000),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва ў галіне керамікі. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Асн. творы: кампазіцыі «Сад» (1975), «Сінія мроі» (1976), «Кветкі з саду» (1980), «... Быў дзень» (1981), «Палессе» (1982), «Спадчына» (1983); сервізы «Дэсертны» (1975), «Белавежская пушча» (1979); дэкар. скульптура «Ля электрычкі», «У разгар чэрвеня» (абедзве 1990—92), «Канцэрт» (1993), «Суседка» (1995), «Раніца нядзельная», «Незабудкі» (абедзве 1997—98); вазы, блюды, чайнікі, талеркі. Выканала дэкар. рэльефы «Музыка» для Барысаўскага Палаца культуры (1981); пластыку для Палаца культуры і тэхнікі ВА «Хімвалакно» ў Магілёве (1982), для Дома творчасці тэатр. работнікаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1986—88), для аптэкі (1990) у Барысаве; рэльефы «Стары горад», пластыку і свяцільні для загса Цэнтральнага р-на Мінска (з З.​Раўко, 1985—87).

Л.​Ф.​Салавей.

Т.Пятроўская. Пластыка для загса Цэнтральнага раёна Мінска. 1985—87.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),

вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.

М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.​Грыгор’еў, С.​Іваноў (Палубес), І.​Максімаў, старац Іпаліт, Ф.​Чука, П.​Заборскі.

На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел. тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.​Байрачны, М.​Бяляева, Г.​Гаркуноў, Г.​Гаўрылаў, В.​Данчук, А.​Дзятлава, Ф.​Зільберт, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, Т.​Кіршчына, В.​Кірыленка, А.​Концуб, Ю.​Конюх, Н.​Кухарэнка, М.​Міхалап, М.​Несцярэўскі, Т.​Паражняк, В.​Прыешкін, Г.​Пусеў, Т.​Пятроўская, З.​Раўко, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч, Я.​Хамініч, М.​Шаўцова, Ф.​Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.

Літ.:

Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Пач. 20 ст.
Да арт. Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)