Кармавы рацыён 5/445; 11/32
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРЦЬ,
зерне, здробненае зернедрабілкамі або на млыне без спец. ачысткі. Здрабняюць пераважна зерне з цвёрдай абалонкай — ячмень, проса, сорга, сухую кукурузу, віку, гарох і інш. Выкарыстоўваецца ў кармленні с.-г. жывёл, у рацыён уключаюць сумесі Дз. з сакаўнымі кармамі, а таксама Дз. дражджаваную.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМКНУ́ТЫЯ ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
функцыянальна адзіная сукупнасць арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць агульную тэр. і здольныя да працяглага існавання пры цалкам замкнутым кругавароце рэчываў (пры адсутнасці матэрыяльнага абмену праз яе межы).
Прынцыпы З.э.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы біял. сістэм жыццезабеспячэння чалавека ва ўмовах ізаляцыі ад біясферы Зямлі, напр. у касм. або падводных апаратах. Аснову штучна створанай З.э.с. складаюць расліны, якія за кошт энергіі святла ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць двухвокіс вугляроду і выдзяляюць кісларод. Біямаса раслін выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам і інш. гетэратрофнымі арганізмамі, апошнія могуць уваходзіць у харч. рацыён чалавека. Нявыкарыстаная біямаса раслін, прадукты жыццядзейнасці чалавека і інш. кампанентаў біякомплексу раскладаюцца мікраарганізмамі да вады, двухвокісу вугляроду і мінер. рэчываў, якія зноў выкарыстоўваюцца раслінамі. Створаны эксперым. З.э.с., што ўключаюць чалавека, аднаклетачныя водарасці, вышэйшыя расліны, мікраарганізмы-мінералізатары. За кошт рэгенерацыі ў такіх З.э.с. цалкам забяспечвалася патрэба чалавека ў кіслародзе, вадзе і часткова ў ежы.
т. 6, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
М.Ф.Сарока.
т. 4, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)