Рахіт 3/104, 396; 5/282; 9/137—138; 10/9
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),
хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛБЦЫФЕРО́ЛЫ,
вітаміны групы D, тлушчарастваральныя злучэнні з супрацьрахітычнымі ўласцівасцямі; вытворныя стэрынаў. Найважнейшыя эргакальцыферол (вітамін D2) і халекальцыферол (вітамін D3). Гал. крыніца К. — печань марскіх жывёл і ялавічная, сыр, яечны жаўток. Рэгулюе абмен кальцыю і фосфару. Недахоп вітаміну D у арганізме выклікае парушэнне мінералізацыі шкілета (рахіт і размякчэнне касцявой тканкі), лішак — павышаную колькасць кальцыю ў крыві і адклады яго ў мяккіх тканках (D-гіпервітаміноз). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека 2,5 мкг, дзяцей — 12,5 мкг. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
т. 7, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІТАМІНО́ЗЫ (ад а... + вітаміны),
група захворванняў, якія развіваюцца пры працяглай адсутнасці вітамінаў у ежы, парушэнні іх засваення або прыгнечанні сінтэзу ў арганізме. Недахоп вітамінаў можа ўзнікнуць у зімова-вясновы перыяд, пры вял. фіз. нагрузках, інфекцыйна-вірусных захворваннях, з узростам. Пры працяглым недахопе або адсутнасці вітаміну С развіваецца цынга, B1 — беры-беры, D — рахіт, PP — пелагра. Часцей сустракаецца адначасовая недастатковасць некалькіх вітамінаў — поліавітаміноз. Прафілактычныя меры: ужыванне вітамінных прэпаратаў, вітамінізацыя ежы, правільнае захоўванне і кулінарная апрацоўка харч. прадуктаў.
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАПАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + паталогія),
навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англ. вучоны М.Рафер у 1913. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гіст. эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на П. раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.
Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археал. і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. П. мае вял. значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біял. і сац.-эканам. фактараў.
На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца з 1970 у Бел. пед. ун-це, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.
Р.У.Дэрфліо.
т. 6, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)