Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ФІЯ (Raphia),
род кветкавых раслін сям. пальмаў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на Мадагаскары (1 від) і ў Паўд. Амерыцы (1 від). Трапляюцца на балотах, забалочаных глебах, затапляльных нізінах.
Аднаствольныя ці са шматлікімі стваламі пальмы выш. 9—12 м. Лісце перыстае, даўж. 15—20 м. Суквецці буйныя (дыяметрам 4—5 м), галінастыя, з песцікавымі і тычынкавымі кветкамі. Плады з валакністай абалонкай. Пасля плоданашэння расліна адмірае (монакарпічныя расліны). Лісце і чаранкі маюць трывалае валакно (піясава), з якога вырабляюць шчоткі і плеценыя вырабы. Лісце — дахавы матэрыял. З соку гатуюць пальмавае віно і гарэлку, плады спажываюць у ежу, з іх атрымліваюць алей.
В.М.Прохараў.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННАЯ ПА́ЛЬМА,
назва розных відаў пальмаў, цукрысты сок з суквеццяў якіх зброджваюць для атрымання віна. Найб. вядомыя вінныя пальмы: карыёта пякучая (Caryota urens), маўрыцыя вінная, або бразільская веералістая пальма (Mauritia vinifera), рафія вінная (Raphia vinifera). З маладога лісця віннай пальмы атрымліваюць валакно, якое выкарыстоўваецца ў садоўніцтве для падвязкі раслін. Плады некаторых вінных пальмаў ядомыя.
т. 4, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)