СЬЕ́РА-ЛЕО́НЕ (Sierra Leone), Рэспубліка Сьера-Леоне (Republic of Sierra Leone),
дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Мяжуе на ПнЗ, Пн і ПнУ з Гвінеяй, на ПдУ з Ліберыяй, на ПдЗ і Пд абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 72,3 тыс.км². Насельніцтва 5,4 млн.чал. (2001). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Фрытаўн. Падзяляецца на 3 правінцыі і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).
Дзяржаўны лад. С.-Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978 (мадыфікаваная ў 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Парламент — аднапалатны Нац. сход (68 дэпутатаў).
Прырода. Зах. і паўд. частка С.-Л. — нізінная алювіяльная раўніна; на У — унутр. раўніны (выш. да 200 м), плато (да 1000 м), адгор’і масіву Фута-Джалон і Леона-Ліберыйскіх гор (да 1948 м, г. Бінтымані). Карысныя выкапні: алмазы, жал., тытанавыя і хромавыя руды, золата, плаціна, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. На ўзбярэжжы сярэднямесячныя т-ры самага халоднага месяца (жн.) 24 °C, самага цёплага (крас.) 27 °C. Ападкаў ад 4000 мм за год у гарах на ПдУ, да 2500—2000 мм на ПнЗ. Дажджлівы сезон май—верасень. Шмат паўнаводных рэк. Большая ч.тэр. занята высакатраўнай саваннай з баабабамі, месцамі на У вечназялёныя і лістападна-вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У складзе жывёльнага свету малпы, антылопы, зебры, леапарды, карлікавыя сланы, буйвалы, бегемоты; шмат птушак, насякомых. Лясныя заказнікі: Лома-Маўнтынс, Мамунта-Маёза.
Насельніцтва. С.-Л. — шматнацыянальная краіна. Амаль усё насельніцтва належыць да моўных падгруп мандэ (у т. л. народ мендэ — 34%, а таксама кона, д’ялонке, малінке, сусу) і зах.-атлантычнай (у т. л. народ тэмне — 31%, а таксама лімба, булом, фульбе, кісі, гола). У г. Фрытаўн і наваколлі жывуць крыёлы, або крэолы С.-Л. (каля 100 тыс.чал., нашчадкі вызваленых рабоў-неграў, якія ў 18—19 ст. прыехалі з англ. калоній Амерыкі). Мусульмане складаюць 60% вернікаў, прыхільнікі мясц.традыц. культаў — 30%, хрысціяне — 10%. Сярэднегадавы прырост 3,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 74,7 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы і на З — да 700 чал. на 1 км², на ПнУ — каля 10 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 35% насельніцтва. У г. Фрытаўн з прыгарадамі каля 700 тыс.ж. (2001). Астатнія гарады невялікія (да 10—20 тыс.ж.). У сельскай гаспадарцы занята каля 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 8%, у горназдабыўной — 7%, на буд-ве і транспарце — 5%, у гандлі і сферы паслуг — 14%. У краіне і за яе межамі каля 2 млн. бежанцаў.
Гісторыя. Найб.стараж. насельнікі С.-Л. — прадстаўнікі народа булом. З 15 ст. тут пасяліліся народы тэмне і мэндэ, пазней — фульбе. У 1462 на ўзбярэжжы з’явіліся партугальцы, якія назвалі краіну С.-Л. (партуг. «Ільвіныя горы»), З сярэдзіны 16 ст. сюды пранікалі гандляры рабамі. У 1787 англічане заснавалі пасяленне б. неграў-рабоў Фрытаўн (англ. «Горад свабодных»), З 1808 Фрытаўн і прылеглыя тэрыторыі — калонія Вялікабрытаніі; асн. яе насельніцтва складалі вызваленыя афрыканцы-рабы — т. зв. крэолы. Да сярэдзіны 19 ст. крэолы мелі ўласнае выбарнае самакіраванне; калонія лічылася культ. і паліт. цэнтрам брыт.калан. уладанняў у Зах. Афрыцы. Да канца 19 ст. англічане падпарадкоўвалі ўнутр. раёны, якія ў 1896 абвешчаны брыт. пратэктаратам. Пасля 2-й сусв. вайны ў С.-Л. створаны першыя паліт. партыі. У 1957 прынята канстытуцыя, створаны ўласныя Парламент і ўрад, які сфарміравала Нар. партыя С.-Л. (НПСЛ). 21.4.1961 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці, прэм’ер-міністрам стаў лідэр НПСЛ М.Маргаі (пасля яго смерці ў 1964 — А.Маргаі). Пасля перамогі апазіцыйнага Усенар. кангрэса (УК) уладу захапілі ваенныя. Пасля новага перавароту ў крас. 1968 улада перайшла да УК на чале з С.П.Стывенсам.
19.4.1971 краіна абвешчана рэспублікай, яе прэзідэнтам абраны Стывенс, якога ў 1985 змяніў Дж.С.Мома. У краіне ўсталяваўся аднапартыйны рэжым УК, урад якога праводзіў палітыку частковай нацыяналізацыі гарнарудных прадпрыемстваў, што належалі замежнаму капіталу. У крас. 1992 ваенныя на чале з капітанам В.Страсерам скінулі ўрад УК; у С.-Л. адноўлена шматпартыйнасць, на першых свабодных выбарах у лют. 1996 прэзідэнтам абраны кандыдат Нар. партыі А.Т.Каба. Унутр. становішча С.-Л. застаецца вельмі складаным. З пач. 1990-х г. барацьбу супраць цэнтр. ўрада вядзе Аб’яднаны рэв. фронт, у выніку чаго загінулі і сталі бежанцамі дзесяткі тыс. чалавек. У 1997 і 1999 былі спробы скінуць прэзідэнта Каба (задушаны пры дапамозе нігерыйскіх войск). С.-Л. — чл.ААН (1961), Арг-цыі афр. адзінства, Зах.-Афр.эканам. супольнасці.
Гаспадарка. С.-Л. — адсталая агр. краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Па эканам. узроўні адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. — 510 дол. за год (2000). Каля 43% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 26% — у прам-сці, каля 31% — у абслуговых галінах. Унутр.ўзбр. канфлікты разбуральна ўздзейнічаюць на эканоміку. Аснова яе — сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,82 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 500 тыс.га (каля 29 тыс.га арашаецца), пад шматгадовымі насаджэннямі каля 70 тыс.га, пад пашай каля 2250 тыс.га. Пераважае раслінаводства. У раёнах вырошчвання экспартных культур і каля гарадоў ёсць зоны таварнай гаспадаркі; у астатніх раёнах пераважае дробнатаварная і натуральная гаспадарка. У краіне каля 300 тыс.сял. гаспадарак, ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. культуры (штогадовы збор на пач. 1990-х г., тыс.т): рыс (каля 60% пасяўных плошчаў) — каля 600, кукуруза — 15, проса і сорга — 37, маніёк, какава, ямс, тара, батат — разам каля 130, бабовыя — 30; тэхн. і экспартныя культуры: алейная пальма — штогадовы збор 20—50 тыс.т ядраў, кава — 15 тыс.т, какава — 16 тыс.т, пальма рафія (дае тэхн. валакно), імбір, сізаль, кунжут, тытунь, гевея, арэхі кола, цукр. трыснёг. Агародніцтва і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, выкарыстоўвае прасторы саваннаў, развіта пераважна на Пн, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 340, авечак — 330, коз — 180, свіней — 50. Птушкагадоўля (у 1997—6 млн. курэй). Развіваецца марское рыбалоўства (штогод каля 150 тыс.т рыбы і 1 тыс.т крэветак). На У краіны лесанарыхтоўкі, у т. л. каштоўнай драўніны. Прам-сць пераважна горназдабыўная і апрацоўчая. У сувязі з ваен. дзеяннямі, а таксама выпрацоўкай радовішчаў здабыча карысных выкапняў змяншаецца. Здабываюць алмазы (164 тыс. каратаў, 1994), золата (каля 1000 кг штогод), рутыл (1,4 млн.т), ільменіт, жал. руду, баксіты, буд. матэрыялы. У 1999 атрымана 240 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. Невял. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці па вытв-сці харч. прадуктаў, прахаладжальных напіткаў, абутку, мэблі, цыгарэт, гароднінных і садавінных кансерваў, цэменту, паперы, мыла, касметыкі і інш. Ёсць прадпрыемствы металаапр., нафтаперапр., па агранцы і шліфоўцы алмазаў, мукамольныя, тытунёвыя, кандытарскія, аўтазборачныя і цэм. з-ды, дрэваапр., хім. і інш. Развіты саматужныя промыслы. Транспарт аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (тыс.км, 1997): аўтадарог 11,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 0,9, унутр. водных шляхоў 0,8, у т. л. прыдатных для эксплуатацыі круглы год 0,6. У краіне 20,9 тыс. легкавых, 21,1 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). З 600 км чыгункі эксплуатуецца 84 км. Гал. марскі порт Фрытаўн, паблізу міжнар. аэрапорт. У 2000 экспарт склаў 65 млн.дол., імпарт — 145 млн.дол. У экспарце пераважаюць алмазы, рутыл, бабы, кава, рыба; у імпарце — харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Бельгія, ЗША, Італія, Нігерыя. С.-Л. атрымлівае эканам. дапамогу (203,7 млн.дол., 1995) ад міжнар. арг-цый і развітых краін. Грашовая адзінка — леоне.
Літ.:
Зотова Ю.Н., Смирнов Е.Г., Френкель М.Ю. История Сьерра-Леоне в новое и новейшее время. М., 1994.
К.А.Аінціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сьера-Леоне.Да арт.Сьера-Леоне. Горад Фрытаўн.