РАТА́Н-600, радыётэлескоп Расійскай АН з дыяметрам кальца каля 600м, найбуйнейшы радыётэлескоп з антэнай пераменнага профілю. Знаходзіцца на Паўн. Каўказе паблізу станіцы Зелянчукская. Прызначаны для вывучэння касм. радыёвыпрамянення ў дыяпазоне ад 8 мм да 21 см. Дакладнасць вызначэння вуглавых каардынат крыніц радыёвыпрамянення да 0,1″.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.
Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл.Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт.РАТАН-600.