Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Седум, гл.Расходнік
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАНКАВА́ННЕ,
спосаб вегетатыўнага размнажэння раслін з дапамогай чаранка. Выкарыстоўваюць у пладаводстве, дэкар. садаводстве, лесаводстве і інш. Сцябловымі чаранкамі размнажаюць парэчкі, агрэст, таполю, вярбу, чубушнік; каранёвымі чаранкамі — маліну, некат. сарты вішні, слівы; лісцевымі чаранкамі — бягонію, расходнік, узумбарскую фіялку. Працэс утварэння каранёў пры Ч. многіх раслін стымулююць рэгулятарамі росту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭНАТО́ПНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад стэна... + грэч. topos месца),
арганізмы, якія жывуць у месцах са спецыфічнымі, вельмі абмежаванымі ўмовамі асяроддзя. Найб. моцна пакутуюць ад знішчэння іх месцаў пражывання, часцей выміраюць. На Беларусі да С.а. належаць расліны сфагнавых балот (багун балотны, расіцы, журавіны) і пясчаных глеб (скочкі, расходнік едкі, асака пясчаная), з жывёл — палятуха звычайная, рабчык і крыжадзюбы (насельнікі хвойных лясоў), берагавая ластаўка і зімародак (жывуць на стромкіх берагах) і інш. Проціпастаўляюць эўрытопным арганізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Зайцава капуста 4/472, гл.Расходнік
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СУКУЛЕ́НТЫ (ад лац. succulentus сакавіты),
шматгадовыя расліны з сакавітым, мясістым лісцем (агавы, алоэ) або сцёбламі (кактусавыя, некат. малачаі); тып ксерафітаў. Пашыраны ў пустынях Цэнтр., Паўн., Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пераносяць высокія т-ры паветра, але не вытрымліваюць абязводжвання. На Беларусі С. пераважна з сям. таўсцянкавых (напр., расходнік, скочкі). У працэсе эвалюцыі ў С. выпрацавалася здольнасць назапашваць ваду ў лісці або сцёблах з моцна развітой ваданоснай парэнхімаю. Некат. кактусы канцэнтруюць у сцёблах 1—3 т вады, а спец. прыстасаванні (тоўсты кутынізаваны эпідэрміс, валаскі, невял. колькасць вусцейкаў і інш.) дазваляюць эканомна расходаваць яе. Святлолюбівыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАФІ́ТЫ [ад грэч. xēros сухі + ...фіт(ы)],
расліны засушлівых мясцін, здольныя з дапамогай некат. прыстасаванняў (гл.Ксерамарфізм) пераносіць перагрэў і абязводжванне. Сукуленты маюць мясістае лісце, паверхневую каранёвую сістэму, утрымліваюць у клетках значную колькасць звязанай вады (напр., алоэ, кактусы, скочкі, расходнік і інш.). У геміксерафітаў добра развіта каранёвая сістэма, якая дасягае грунтавых вод, інтэнсіўныя транспірацыя і абмен рэчываў (вярблюджая калючка, шалфей і інш.). Эўксерафіты — апушаныя расліны з нізкаінтэнсіўным абменам рэчываў, маюць неглыбокую (50—60 см) каранёвую сістэму (калматка палявая, некат. віды палыну, цмен пясчаны і інш.). Пайкілаксерафіты пры значным абязводжванні пераходзяць у анабіёз, маюць у сабе 2—5% вады, але арганізацыя клеткі не парушаецца ў выніку захоўвання энергет. паўнацэннасці дыхання (некат. мхі, лішайнікі).