СУКУЛЕ́НТЫ (ад лац. succulentus сакавіты),
шматгадовыя расліны з сакавітым, мясістым лісцем (агавы, алоэ) або сцёбламі (кактусавыя, некат. малачаі); тып ксерафітаў. Пашыраны ў пустынях Цэнтр., Паўн., Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пераносяць высокія т-ры паветра, але не вытрымліваюць абязводжвання. На Беларусі С. пераважна з сям. таўсцянкавых (напр., расходнік, скочкі). У працэсе эвалюцыі ў С. выпрацавалася здольнасць назапашваць ваду ў лісці або сцёблах з моцна развітой ваданоснай парэнхімаю. Некат. кактусы канцэнтруюць у сцёблах 1—3 т вады, а спец. прыстасаванні (тоўсты кутынізаваны эпідэрміс, валаскі, невял. колькасць вусцейкаў і інш.) дазваляюць эканомна расходаваць яе. Святлолюбівыя расліны.
т. 15, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л АРТЫЛЕ́РЫІ,
адна з дыгнітарскіх (вышэйшых прыдворных) пасад у ВКЛ. Загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі і людвісарнямі (майстэрнямі па вырабе гармат, званоў і інш.), займаўся навучаннем артылерыстаў, забеспячэннем войска і арсеналаў амуніцыяй і порахам. Пасада вядома з 17 ст., калі кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV надаў артылерыі вайсковую арганізацыю (т.зв. «Артыкулы», абвешчаныя ў 1634 пад Смаленскам). Генерал артылерыі прызначаўся пажыццёва і не меў права займаць інш. вайсковых пасад. Распараджаўся вял. грашовымі сродкамі, прымаў спец. прысягу не расходаваць гэтыя грошы на інш. мэты, акрамя артылерыі. Даваў справаздачы вял. гетману, з 1775 Вайсковаму дэпартаменту Усечасовай рады. Непасрэдна ў ваен. дзеяннях не ўдзельнічаў. Першым генералам артылерыі ВКЛ быў Мікалай Абрамовіч (1638).
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)