старажытнагрэчаская керамічная пасудзіна для алею. Мела вузкае горла, якое пераходзіць у раструб, нізкую ножку і верт. ручку. Форма Л. эвалюцыяніравала ад пасудзін з конусападобным тулавам (чорнафігурныя, 2-я пал. 6 ст. да н.э.) да пасудзін з цыліндрычным тулавам (чорнафігурныя і чырвонафігурныя, 5 ст. да н.э.). Л. з размалёўкай па белым фоне (пашыраны з сярэдзіны 5 ст.) былі звязаны з памінальным культам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУР,
1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс.н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз.Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.
2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАТАМЁТ,
пераважна пераносная агнястрэльная зброя, прызначаная для паражэння браніраваных цэляў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка гранатай.
Гранатамёты бываюць: дынамарэактыўныя (пач. скорасць гранаце надае энергія газаў, якія ўтвараюцца пры згаранні стартавага зарада ў ствале), рэактыўныя (скорасць гранаты забяспечваецца сваім рэактыўным рухавіком), актыўныя і актыўна-рэактыўныя (скорасць забяспечваецца зарадам, які згарае ў ствале, закрытым з казённай часткі); ручныя, вінтовачныя (ружэйныя), станковыя і інш.; процітанкавыя і проціпяхотныя; гладкаствольныя і наразныя, з раздымнымі і складанымі стваламі. Ручныя прыстасаваны для стральбы з рук або сошак; вінтовачныя — для стральбы з вінтоўкі або аўтамата пераважна проціпяхотнымі вінтовачнымі гранатамі за кошт энергіі халастога або баявога патрона. Эфектыўная і прыцэльная далёкасць стральбы вінтовачных гранатамётаў адпаведна да 100 і 400 м, ручных да 500 і 1000 м, станковых да 1 і 2 км; калібр ручных гранатамётаў 30—112 мм, маса звычайна 8 кг; баявая скарастрэльнасць станковых да 100 стрэлаў за мінуту (такія гранатамёты могуць устанаўлівацца на танках, бронетранспарцёрах, баявых машынах пяхоты, верталётах, катэрах і інш.). Ручныя гранатамёты з’явіліся ў гады 2-й сусв. вайны: «Базука» (ЗША), фаустпатрон (аднаразовага дзеяння, Германія).