ЛІ́ЗІС (грэч. lysis растварэнне, распад),
разбурэнне і растварэнне клетак, у т. л. мікраарганізмаў, пад уплывам ферментаў, што знаходзяцца ў лізасомах (гл. Аўтоліз), або інш. агентаў, якія валодаюць растваральным (літычным) уздзеяннем.
т. 9, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЗІЯ (ад позналац. corrosio раз’яданне) у геалогіі, 1) разбурэнне горных парод або частковае растварэнне мінералаў у выніку хім. (растваральнага) дзеяння прыродных вод. Вада, у якой звычайна растворана пэўная колькасць двухвокісу вугляроду, асабліва моцна ўздзейнічае на вапнякі і інш. лёгкарастваральныя пароды, што можа выклікаць утварэнне розных форм карставага рэльефу (гл. Карст).
2) Раз’яданне, растварэнне і аплаўленне магмай або постмагматычнымі растворамі раней раскрышталізаваных мінералаў і горных парод.
т. 8, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВО́ЛІЗ (ад лац. solvo раствараю + грэч. lysis растварэнне, распад),
абменная рэакцыя паміж раствораным рэчывам і растваральнікам. Суправаджаецца раскладаннем малекул растваральніку і растворанага рэчыва. У адрозненне ад сальватацыі прыводзіць да ўтварэння новых хім. злучэнняў пэўнага саставу. С. у водных растворах наз. гідролізам.
т. 14, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАБІЁЗ (ад грэч. nekros мёртвы + ...біёз),
неабарачальныя фізіялагічныя або паталагічныя змены ў клетцы, што адбываюцца перад яе смерцю. Спалучаюцца з парушэннямі абмену рэчываў, якія прыводзяць да перараджэння клеткі (напр., Н. ліпоідны, Н. ліпоідны дыябетычны). Найб. характэрныя адзнакі Н.: зморшчванне ядра, яго распад і растварэнне, змена шчыльнасці цытаплазмы, аўтоліз.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРСЕРЫЗА́ЦЫЯ [ад імя англ. вынаходніка Дж.Мерсера (J.Merceir; 1791—1866)],
1) першая стадыя тэхнал. працэсу вытв-сці віскозы. Ажыццяўляюць апрацоўкай цэлюлозы водным растворам гідраксіду натрыю. Пры М. ўтвараецца шчолачная цэлюлоза, адначасова адбываецца набраканне цэлюлозы і растварэнне яе нізкамалекулярных фракцый.
2) Апрацоўка баваўняных і цэлюлозных тканін водным растворам гідраксіду натрыю. Надае тканінам бляск, павышае гіграскапічнасць, мех. трываласць і паляпшае іх здольнасць афарбоўвацца.
т. 10, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная моцная кіслата, HNO3, мал. м. 63,016. Бясколерная вадкасць, tкіп 82,6 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,522∙103 кг/м³, з вадой утварае азеатропную сумесь (68,4% азотнай кіслаты), утварае крышталегідраты; моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем аміяку кіслародам паветра. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азотных і комплексных угнаенняў, выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, у металургіі (траўленне і растварэнне металаў) і інш. Выклікае апёкі на скуры, пара ядавітая.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)], мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы,
адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЮБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад позналац. solubilis растваральны), калоіднае растварэнне,
пранікненне малекул нізкамалекулярных рэчываў, нерастваральных у дадзенай вадкасці, унутр міцэл ці глобул макрамалекул, што знаходзяцца ў ёй. Напр., непалярныя малекулы вуглевадародаў і тлушчаў салюбілізуюцца воднымі растворамі мылаў (гл. Мыйнае дзеянне). Адыгрывае важную ролю ў шэрагу тэхнал. працэсаў (эмульсійнай полімерызацыі, міцэлярным каталізе, пры атрыманні змазачна-ахаладжальных вадкасцей і інш.), а таксама ў біял. сістэмах (напр., пры страваванні тлушчы салюбілізуюцца жоўцю).
т. 14, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІБРЫНО́ЛІЗ (ад фібрын + лізіс),
растварэнне ўнутрысасудзістых тромбаў і пазасасудзістых згусткаў фібрыну пад уздзеяннем протэалітычных ферментаў плазмы крыві і форменных элементаў. Бялкі, што ажыццяўляюць Ф., — састаўная ч. процізгусальнай сістэмы арганізма, накіраванай на падтрыманне вадкага стану крыві. Ф. актывізуецца пры эмацыянальным узрушэнні, страху, траўмах, гіпадынаміі і інш. уздзеяннях, якія вядуць да павышэння пранікальнасці сасудзістай сценкі. Прыгнечванне Ф. садзейнічае трамбозу, развіццю атэрасклерозу. Празмерная актывацыя выклікае дыятэз гемарагічны.
т. 16, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЛІЗІ́НЫ,
антыцелы, якія выклікаюць разбурэнне і растварэнне клетак бактэрый (бактэрыёліз). Дзейнічаюць пры ўдзеле камплементу — бялковага комплексу свежай сывараткі крыві (фактар прыроднага імунітэту ў жывёл і чалавека), з якім звязана ўстойлівасць арганізма да хваробатворных мікробаў. Бактэрыялізіны выдзяляюцца жывёльнымі арганізмамі і многімі бактэрыямі, напрыклад сінягнойная палачка выдзяляе бактэрыялізін, які растварае бактэрыі сібірскай язвы, брушнога тыфу, дыфтэрыі. Бактэрыялізіны — адзін з фактараў імунітэту пры халеры, тыфапаратыфозных і інш. захворваннях. Бактэрыцыднае дзеянне бактэрыялізінаў павялічвае лізацым (выклікае неспецыфічны бактэрыёліз).
т. 2, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)